Пошук

Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардыналы напісалі сумесны ліст да экуменічнага тыдня

“Маліцеся аб еднасці, маліцеся аб сінодзе”, - так азагаловілі сумесны зварот ватыканскія кардыналы Курт Кох і Марыё Грэк. Яго прымеркавалі да Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян (18-25 студзеня 2022 года).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сумесным лісце, апублікаваным у Ватыкане 17 студзеня 2022 года і адрасаваным усім біскупам, адказным за экуменізм, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і генеральны сакратар Сінода Біскупаў, сфармулявалі прапановы для рэалізацыі экуменічнага вымярэння сінадальнага працэсу ў мясцовых Касцёлах.

Два кардыналы напісалі: “І сінадальнасць, і экуменізм – гэта працэс сумеснага хаджэння”; “паколькі экуменізм можна разумець як “абмен дарамі”, адным з дароў, якія католікі могуць атрымаць ад іншых хрысціян, з’яўляецца менавіта іх досвед і разуменне сінадальнасці”.

На думку іерархаў, Тыдзень малітваў, тэма якога: “Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму” (Мц 2, 2), прапанаваная Радай Цэркваў Блізкага Усходу, з’яўляецца спрыяльнай нагодай для агульнай малітвы за тое, каб Сінод паспрыяў хрысціянскаму адзінству.

Разважаючы над гэтым, абодва кардыналы сцвярджаюць: “Так як мудрацы, хрысціяне вандруюць разам (synodos), кіруючыся адным і тым жа нябесным святлом і сутыкаючыся з той жа сусветнай цемрай. Яны таксама пакліканы разам пакланіцца Езусу і адкрыць свае скарбы. Усведамляючы нашу патрэбу ў суправаджэнні і шматлікіх дарах нашых братоў і сясцёр у Хрысце, мы запрашаем іх падарожнічаць з намі на працягу гэтых двух гадоў і шчыра спадзяёмся, што, “адкрыўшы нашыя скарбы”, мы зможам падзяліцца дарамі, якімі Дух Святы адарыў розныя хрысціянскія супольнасці, прызначанымі для ўмацавання і адзінства ўсіх”.

Зварот завяршаецца адмысловай малітвай.
 

17 студзеня 2022, 11:10