Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Лічбавы доступ да ватыканскіх крыніц аб Цэрквах Усходу

Дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву, былі алічбаваны неацэнныя рэсурсы бібліятэкі Папскага ўсходняга інстытута. Гэта адна з самых багатых у свеце калекцый з матэрыяламі аб хрысціянскім Усходзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворка ідзе пра сапраўды ўнікальную бібліятэку ў сусветным маштабе. Яе калекцыя налічвае каля 200 тысяч тамоў і каля тысячы назваў часопісаў. Сюды “эвакуіравалі” многія кнігі з Сірыі, Ірака, Лівана і Эфіопіі, ратуючы іх ад войнаў і іншых катаклізмаў. Некаторыя выданні паходзяць з краін, дзе ім пагражала аўтарытарная цэнзура. У бібліятэцы ёсць шмат кніг, забароненых у Савецкім Саюзе. Тут знаходзіцца поўны зборнік газеты Праўда, у тым ліку нумары, якія не прайшлі савецкую цэнзуру.

Рэктар Інстытута падкрэсліў, што сабраныя матэрыялы дазваляюць праводзіць глыбокае даследаванне ўсіх Усходніх Цэркваў. “Мы захоўваем рэсурсы такой колькасці Цэркваў і культур, каб людзі маглі вярнуцца і паглядзець на свае карані, асабліва калі ў краінах іх паходжання трывае бязладдзе”, - падкрэсліў кс. Давід Назар. Ён адзначыў, што неабходнасць алічбоўкі калекцыі пацвердзіла пандэмія, якая перашкодзіла фізічнаму доступу даследчыкаў да навуковых крыніц.

Дзякуючы набыццю высокатэхналагічнага сканера і дапамозе кампаній з ЗША і Германіі, якія прапанавалі сваю працу на дабрачыннай аснове, праца па алічбоўцы калекцыі будзе працягнута. Ужо ў сярэдзіне 2022 года першыя тамы стануць даступныя глабальнай аўдыторыі без неабходнасці ехаць у Рым.

Вытокі бібліятэкі Папскага ўсходняга інстытута ляжаць у экспедыцыі французскага святара Эжэна Цісэрана, які ў 1937 годзе разам з сваім памочнікам адправіўся з італьянскага партовага горада Трыест у пошуках каштоўных кніг. Пасля наведвання кнігарань і прыватных калекцый, раскіданых па Блізкім Усходзе і Еўропе, яны праз год вярнуліся ў Рым з калекцыяй, якая ўключыла 2700 тамоў.
 

04 студзеня 2022, 10:50