Пошук

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Бэнэдыкт XVI і яго ўклад у барацьбу са злоўжываннямі ў Касцёле

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ нагадаў пра ўклад Бэнэдыкта XVI у барацьбу з сексуальнымі зложыўваннямі ў Касцёле. Нагодай стала публікацыя дакладу на гэту тэму ў Мюнхенска-Фрайзінскай архідыяцэзіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Пасля абнародавання даследавання, у цэнтры ўвагі апынуліся гады баварскага біскупства Папы-эмерыта. Будзе слушна нагадаць пра барацьбу Бэнэдыкта XVI супраць клерыкальнай педафіліі і пра адкрытасць, з якой ён, на працягу свайго пантыфікату, сустракаў і слухаў ахвяр, просячы ў іх прабачэння”, - напісаў Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

“Словы, выкарыстаныя падчас прэзентацыі дакладу аб злоўжыванняў у Мюнхенскай дыяцэзіі, а таксама 72 старонкі дакументу, прысвечаныя кароткаму перыяду баварскага біскупства кардынала Ёзэфа Ратцынгера, на працягу мінулага тыдня запоўнілі старонкі газет і выклікалі вельмі моцныя каментары. Папа-эмерыт, пры дапамозе сваіх супрацоўнікаў, не ўхіляўся ад пытанняў юрыдычнай кампаніі, нанятай Мюнхенскай дыяцэзіяй для падрыхтоўкі справаздачы, што ахоплівае вельмі вялікі адрэзак часу, ад епіскапату кардынала Міхаэля фон Фаўльхабера да цяперашняга, кардынала Рэйнхарда Маркса. Бэнэдыкт XVI адказаў на 82-х старонках, пасля таго як змог часткова прааналізаваць дакументацыю дыяцэзіяльных архіваў. Чатыры з паловай гады, якія Ратцынгер правёў на чале баварскай дыяцэзіі, як і можна было прадбачыць, манапалізавалі ўвагу каментатараў”, - заўважыў Тарніелі.

“Некаторыя абвінавачванні былі вядомыя на працягу больш чым дзесяці гадоў і ўжо публікаваліся ў важных міжнародных СМІ. Выпадкаў, які ставяцца ў віну Ратцынгеру – чатыры, і яго асабісты сакратар, арцыбіскуп Георг Генсвайн, паведаміў, што Папа-эмерыт выступіць з падрабязнай заявай, пасля таго як закончыць вывучэнне справаздачы. Тым часам, аднак, рашуча паўтараючы асуджэнне гэтых злачынстваў, на чым заўсёды настойваў Бэнэдыкт XVI, можна нагадаць пра тое, што было зроблена цягам апошніх гадоў у Касцёле, пачынаючы ад яго пантыфікату”, - прапанаваў галоўны рэдактар ватыканскіх медыя.

Тарніелі падкрэсліў, што злоўжыванні адносна непаўналетніх – гэта страшнае злачынства, а калі яно здзяйсняецца прадстаўнікамі духавенства – становіцца яшчэ больш абуральным. “Паўтараць гэта не стамляліся два апошнія Папы: да Божай помсты ўсклікае выкарыстанне святарамі ці манахамі дзяцей, якіх бацькі давяраюць ім, каб былі выхаваны ў веры. Непрымальна, калі яны становяцца ахвярамі сексуальных драпежнікаў, схаваных за святарскай вопраткай. Самымі красамоўнымі словамі на гэты конт, застаюцца словы, сказаныя Езусам: хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні”, - заўважыў эксперт.

Ватыканскі журналіст нагадаў, што Ратцынгер, які ў якасці прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння ўжо змагаўся з гэтай з’явай на апошнім этапе пантыфікату святога Яна Паўла ІІ, блізкім супрацоўнікам якога быў, пасля таго, як стаў Папам, абнародаваў вельмі жорсткія нормы супраць святароў-гвалтаўнікоў, што сталі сапраўднымі законамі, накіраванымі на барацьбу з педафіліяй. “Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI на сваім канкрэтным прыкладзе засведчыў тэрміновую патрэбу ў змене мыслення, якая з’яўляецца вельмі важнай для барацьбы са з’явай злоўжыванняў, што павінна выражацца ва ўвазе і блізкасці да ахвяр, у якіх заўсёды трэба прасіць прабачэння. Занадта доўга дзяцей, якія падвяргаліся злоўжыванням, і іх бацькоў, замест таго, каб лічыць параненымі людзьмі, якіх належала прыняць і суправаджаць на шляху аздараўлення, трымалі да адлегласці. На жаль, іх часта адчужалі і нават паказвалі як “ворагаў” Касцёла і яго добрага імя”, - зазначыў Тарніелі.

Эксперт падкрэсліў, што менавіта Ёзэф Ратцынгер стаў першым Папам, які шмат разоў сустракаў ахвяр злоўжыванняў падчас сваіх Апостальскіх падарожжаў. “Менавіта Бэнэдыкт XVI, нават насуперак меркаванню самазваных “ратцынгеранцаў”, пасярод буры скандалаў у Ірландыі і Германіі, прапанаваў аблічча Касцёла, які каецца, які схіляецца, просячы прабачэння, які адчувае трывогу, скруху, боль, спавучанне і блізкасць”, - дадаў ён.

“Менавіта ў гэтым пакаянным вобразе знаходзіцца сутнасць паслання Бэнэдыкта. Касцёл не з’яўляецца камерцыйным прадпрыемствам, ён не збаўляецца выключна за кошт добрай працы і выканання, хоць гэта і неабходна, строгіх і эфектыўных правіл. Касцёл павінен прасіць прабачэння, дапамогі і збаўлення ў Адзінага, хто можа яго даць, прасіць у Укрыжаванага, які заўсёды быў на баку ахвяр, і ніколі на баку катаў”, - сцвердзіў Андрэа Тарніелі.

“У мае 2010 года, падчас рэйса ў Лісабон, Бэнэдыкт XVI з надзвычайнай яснасцю прызнаў, што “пакуты Касцёла паходзяць менавіта знутры Касцёла, з граху, які існуе ў Касцёле. Гэта таксама было заўсёды вядома, але сёння мы бачым па-сапраўднаму жахлівым чынам: самы вялікі пераслед Касцёла здзяйсняюць не знешнія ворагі, ён паходзіць ад грахоў Касцёла, і таму Касцёл павінен нанава навучыцца пакаянню, прыняццю ачышчэння, навучыцца прабачэнню, з аднаго боку, але таксама і патрэбе ў справядлівасці. Прабачэнне не адмяняе патрабавання справядлівасці”. Гэта словы, якія папярэднічалі канкрэтным фактам у барацьбе з язвай клерыкальнай педафіліі і ішлі за імі. Усё гэта нельга ні забыць, ні выкрасліць, - дадаў эксперт.

Тарніелі заўважыў, што рэканструкцыя фактаў, змешчаная ў мюнхенскім дакладзе – які не з’яўляецца ні дасудовым расследаваннем, ні канчатковым прысудам – дапаможа змагацца з педафіліяй у Касцёле, калі не будзе зведзена да пошуку казлоў адпушчэння і вынясення агульных суджэнняў. “Толькі пазбегнуўшы гэтых рызык яны змогуць паспрыяць пошуку справядлівасці і праўды, а таксама калектыўнаму рахунку сумлення адносна памылак мінулага”, - напісаў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ напрыканцы свайго разважання.
 

27 студзеня 2022, 10:48