У 2021 годзе даход Святога Пасаду склаў 769,6 мільёнаў еўра
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Большая частка сродкаў выдзялялася на апостальскую місію: падтрымку мясцовых Касцёлаў, якія маюць цяжкасці (21%); перадачу паслання Святога Пасаду (16%); захаванне яго прысутнасці ў свеце (16%); падтрымку культу і евангелізацыі (16%); садзейнічанне дабрачыннасці (9%).
Прэфект падкрэсліў, што ў 2021 годзе колькасць суб'ектаў, ахопленых бюджэтам, павялічылася на 30 – цяпер гэта 90 устаноў. Гаворка ідзе ў тым ліку пра бальніцу Bambino Gesù, усе чатыры папскія базылікі ў Рыме і санктуарыі ў Ларэта, Пампеях і Падуі. Працэс кансалідацыі бюджэту будзе працягнуты.
Што тычыцца ведамстваў Рымскай курыі, яны эканомяць, наколькі гэта магчыма, адзначыў езуіт. Выдаткі на структуры Святога Пасаду дасягнулі свайго гістарычнага мінімуму і працягваюць скарачацца. У гэтай сітуацыі неабходны “план павышэння даходаў". Аднак толькі невялікая частка ватыканскай маёмасці можа іх гарантаваць. Цяпер вядзецца абмеркаванне таго, як зменшыць інстытуцыйнае выкарыстанне нерухомасці, прызначыўшы больш значную яе частку для атрымання даходу.
Герэра Алвес анансаваў прэзентацыю канчатковага балансу за 2021 год праз некалькі месяцаў і адзначыў, што значны ўплыў на бюджэт па-ранейшаму аказвае пандэмія COVID-19.
На яго думку, у 2022 годзе не прыходзіцца чакаць павелічэння ахвяраванняў і даходаў. Хутчэй за ўсё, яны застануцца на ўзроўні 2021 года.
“Сакратарыят па эканамічных пытаннях працягвае намаганні па павышэнні празрыстасці, эфектыўнасці і зніжэнні выдаткаў, забяспечваючы такім чынам збалансаваны бюджэт Святога Пасаду і падтрымліваючы місію Святога Айца. Гэта працэс, які патрабуе цярпення і стараннасці, уключае ў сябе новыя працэдуры і рэжым працы”, - гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.