Францішак падчас сустрэчы з Ватыканскай камісіяй па COVID-19 Францішак падчас сустрэчы з Ватыканскай камісіяй па COVID-19 

Ватыканская камісія па COVID-19: пандэмія – гэта глабальнае зло

Падчас нядаўняй сустрэчы з дыпкорпусам Папа ў чарговы раз заклікаў да ўсеагульнага доступу да вакцын. Гэтыя словы пракаментаваў прафесар Луіджына Бруні, член Ватыканскай камісіі па COVID-19.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Італьянскі эканаміст лічыць, што ў гэтым кантэксце варта падумаць аб пераразмеркаванні прыбыткаў міжнародных фармацэўтычных кампаній, якія зарабілі на пандэміі мільярды.

У сваёй навагодняй прамове перад дыпламатамі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе, Святы Айцец падкрэсліў, што ўсеагульны доступ да медыцынскай дапамогі ў многіх краінах застаецца толькі марай. Ён заклікаў урады і прыватныя суб'екты распрацаваць скаардынаваныя новыя мадэлі салідарнасці і ўмацаваць патэнцыял краін, якія знаходзяцца ў патрэбе. Францішак лічыць, што дзяржавы павінны прыняць палітыку, якая б гарантавала доступ да дыягнастычных сродкаў, вакцын і неабходных лекаў.

Бруні, прафесар палітычнай эканомікі ва Універсітэце Lumsa ў Рыме і навуковы дырэктар ініцыятывы Эканоміка Францішка, падкрэсліў у інтэрв'ю Vatican News, што ў гісторыі было нямала прэцэдэнтаў, калі нацыяналістычнае мысленне аказвалася недальнабачным. Тое ж адбываецца і ў цяперашні час. “Не можна пераадолець пандэмію, закрыўшы адну-дзве краіны. Адзіны варыянт – гэта агульначалавечая салідарнасць і імунізацыя ўсёй планеты”, - падкрэсліў навуковец. Ён заклікаў разлічваць не толькі на вакцынацыю, але і шукаць лекі, якія справяцца з вірусам.

Прафесар нагадаў, што пасля Другой сусветнай вайны адбылося пераразмеркаванне велізарных прыбыткаў кампаній, якія зараблялі на гандлі зброяй. Дапусціць такое сёння ў дачыненні да прыбытку ад вакцын супраць COVID-19, неэтычна і несправядліва.

“Патрэбна чалавечая салідарнасць. Мы не можам працягваць думаць у нацыянальных катэгорыях. Варта зразумець, што праблема глабальная і патрабуе скаардынаваных глабальных рашэнняў. Заходнія краіны ўжо ведаюць, што, нягледзячы на сваё багацце, яны будуць знаходзіцца ў небяспецы, пакуль вірус не будзе пераможаны паўсюль. Вось вялікі пасыл гэтага крызісу: багацця асобных людзей і народаў недастаткова для барацьбы з такой складанай і шырока распаўсюджанай праблемай”, - падкрэсліў член ватыканскай камісіі па COVID-19.
 

13 студзеня 2022, 11:23