Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі навуковец аб вакцынах: эфектыўныя, але не дасканалыя

“Давер да вакцын – гэта не вера ў іх дасканаласць, а ўсведамленне таго, што яны павышаюць шансы пазбегнуць хваробы”, - заўважыў у студзеньскім нумары La Civiltà Cattolica брат Гай Кансальманьё.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Па словах кіраўніка Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі, хоць навука не з'яўляецца канчатковай інстанцыяй ісціны, не варта паддавацца сумненням, якія падсілкоўваюцца прыхільнікамі тэорыі змовы, што ставяць пад сумнеў навуковыя факты аб эфектыўнасці вакцын.

У артыкуле пад назвай: “COVID, вера і памылковасць навукі”, былы выкладчык Гарварда і Масачусэцкага тэхналагічнага інстытута разгледзеў сувязь стаўлення да вакцынацыі з перакананнямі аб навуцы і рэлігіі. Як ён падкрэсліў, важна правільна разумець мэту навукі і сумневы як неад'емную ўмову навуковага прагрэсу.

“Той, хто знаёмы з навукай, ведае, што гэта не адзіны надзейны даведнік на тэму ісціны. Сляпы давер да навукі можа быць небяспечным”, - напісаў ватыканскі навуковец, адзначаючы, што гэта не мяняе таго факту, што “страх безумоўнага даверу да навукі змяшчае зерне праўды”.

“Гісторыя навукі кіпіць памылкамі. У фармацэўтыцы таксама адбываюцца інцыдэнты, напрыклад, прызначэнне ў мінулым талідаміду цяжарным жанчынам, што прыводзіла да інваліднасці дзяцей. Гэтак жа гісторыя распрацоўкі вакцын не пазбаўлена недахопаў”, - патлумачыў Кансальманьё, прызнаючы, што, нягледзячы на неабходнасць працяглага перыяду даследаванняў, перш чым вакцыны будуць зацверджаны да выкарыстання, і тут магчымыя збоі.

Езуіт адзначыў, што навука – гэта прагматычныя дзеянні: “навуковы метад уключае ў сябе сумневы, аналіз памылак і вучэнне на памылках, каб павялічыць верагоднасць поспеху”, таму “давер да вакцынацыі – гэта не вера ў дасканаласць, але прызнанне таго, што яна павялічвае шанцы пазбегнуць хваробы”. На жаль, па словах астранома, большасць людзей не разумее таго, чым на самой справе з’яўляецца верагоднасць: адсюль такая папулярнасць казіно і азартных гульняў.

“Калі адносна навукі існуе чаканне, што яна будзе шляхам да ісціны, няўдачы могуць прымусіць ставіцца да яе скептычна. Між тым, няўдачы з'яўляюцца істотным элементам навуковага прагрэсу. Калі жаданне ўпэўненасці выходзіць за рамкі таго, што можа прапанаваць навука, і спалучаецца з падазронасцю да аўтарытэтаў у сучаснай культуры, гэта можа прывесці да замены меркавання экспертаў на гнастычнае жаданне сакрэтных ведаў”. Варта памятаць, што “ўпэўненасць у рэлігіі – гэта фанатызм, а ўпэўненасць у навуцы: сцыентызм, сляпая вера ў навуку”, - звярнуў увагу ватыканскі эксперт.

Папскі астраном падкрэсліў, што падыход да навукі і з’яў, якія ад яе залежаць, як пандэмія, уплываюць на стаўленне да іншых. Жыццё ў нявызначанасці хвароб, правалу навукі і страху страціць асабістую аўтаномію патрабуе даверу да працы іншых, якую, як і любоў, трэба рэалізаваць з разважлівасцю і мужнасцю.
 

18 студзеня 2022, 11:43