Ватыканскія музеі развейваюць міфы пра Караваджа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
19 студзеня прайшла чарговая сесія сімпозіума пад назвай “1951-2021 – Таямніца Караваджа. Новае параўнальнае даследаванне”. Першая сустрэча 12 студзеня пад кіраўніцтвам Барбары Яты, дырэктара Ватыканскіх музеяў, была прысвечана ўзаемаадносінам вялікага жывапісца XVII стагоддзя з верай.
Форум быў арганізаваны да двух знакавых юбілеяў: 450-годдзя з дня нараджэння мастака і 70-годдзя памятнай выставы ў Мілане вясной 1951 года, куратарам якой быў Раберта Лонгі. Яна стала пераломным момантам для даследаванняў Караваджа і своеасаблівым “апраўданнем” Мікеланджэла Мерызі, паколькі раней гістарыяграфія і мастацтвазнаўства не лічыла Караваджа гігантамі жывапісу.
Барбара Ята адзначыла, што істотным фактам у гэтай сувязі з'яўляецца адсутнасць імя Караваджа на мазаічных плітках, якія Рафаэль, Леанарда да Вінчы, Тыцыян, Мелоца, Перуджына і Джота маюць на фасадзе Ватыканскай карціннай галерэі, узведзенай Лукай Бельтрамі па загаду Пія XI і адкрытай у 1932 годзе, роўна дзевяноста гадоў таму.
“Перш чым Лонгі пераацаніў творчасць мастака, - звярнула ўвагу дырэктар Ватыканскіх музеяў у інтэрв’ю Vatican News, - Караваджа лічыўся ерэтыком, тым, хто быў занадта строгі ў сваім адлюстраванні сакрум”. Гэты стэрэатып быў цалкам развеяны. Невыпадкова сёння нанова адкрываецца вера і духоўнасць Караваджа – ад яго ўдзелу ў саракагадзінным эўхарыстычным набажэнстве да ўключэння аўтапартрэта ў свае творы сакральнага мастацтва.
Сярод шматлікіх пытанняў, якія будуць уздымацца падчас чарговых сесій: адносіны жывапісца з бацькамі, прычыны, па якіх ён пакінуў Мілан, час яго прыезду ў Рым і яго ўплыў на сусветны жывапіс ад Іспаніі да Лацінскай Амерыкі. Анлайн-фармат сімпозіума дазваляе ўключыць у дыскусію як мага больш удзельнікаў.
Мікеланджэла Мерызі, вядомы як Караваджа, нарадзіўся ў 1571 годзе ў Мілане, у 1591 годзе прыехаў у Рым, дзе напісаў свае самыя выдатныя творы. Ён стаў шырока вядомы выдатнымі карцінамі на рэлігійныя, жанравыя і міфалагічныя тэмы, а таксама як авантурыст, якому ў канчатковым выніку прыйшлося бегчы з Вечнага горада пасля таго, як у бойцы забіў чалавека. Ён памёр ва ўзросце 39 гадоў у тасканскім горадзе Порта Эркале. Караваджа лічыцца рэфарматарам італьянскага жывапісу і стваральнікам выразнасці ў стылі барока.
Наступныя сесіі анлайн-канферэнцыі збяруць экспертаў 21, 26 і 28 студзеня 2022 года.