Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абвешчана тэма Дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей

“Нават у старасці яны будуць пладавітыя” (Пс 92,15) – так гучыць тэма ІІ Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей. Ён будзе адзначаецца ў Касцёле 24 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тэма, выбраная папам Францішкам, мае на мэце падкрэсліць, што дзядулі, бабулі і пажылыя людзі з’яўляюцца каштоўнасцю і дарам, як для грамадства, так і для касцёльнай супольнасці, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, якое 15 лютага апублікавала Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Адзначаецца, што тэма Сусветнага дня з’яўляецца таксама заклікам браць пад увагу і цаніць пажылых людзей, якія вельмі часта апынаюцца на ўзбочыне жыцця сем’яў, грамадзянскіх і касцёльных супольнасцей.

“Іх досвед жыцця і веры, на самай справе, можа паспрыяць будаванню грамадстваў, якія з’яўляюцца свядомымі ўласных каранёў і здольныя марыць пра больш салідарную будучыню”, - гаворыцца ў паведамленні. Нагадваецца, што заклік прыслухоўвацца да мудрасці пажылых людзей мае асаблівае значэнне ў кантэксце сінадальнага шляху, які распачаў Касцёл.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця заклікае парафіі, дыяцэзіі, асацыяцыі і касцёльныя супольнасці ва ўсім свеце знайсці магчымасць для святкавання Сусветнага дня ва ўласным душпастырскім кантэксце. Пазней ватыканская структура прадставіць неабходныя для гэтага душпастырскія інструменты.

Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей быў устаноўлены папам Францішкам 31 студзеня 2021 года. Ён адзначаецца ў Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня з нагоды літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса.

15 лютага 2022, 12:00