Бэнэдыкт XVI скіраваў ліст на тэму злоўжыванняў у Касцёле
Аляксандр Панчанка – Vatican News
8 лютага 2022 года быў абнародаваны ліст Папы-эмерыта да вернікаў Мюнхенска-Фрайзінгскай архідыяцэзіі. Ён стаў адказам на абнародаванне дакладу аб сексуальных злоўжываннях у гэтым лакальным Касцёле, дзе Ёзэф Ратцынгер быў арцыбіскупам на працягу менш чым пяці гадоў.
Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што пасля апублікавання дакладу “перажыў дні рахунку сумлення і рэфлексіі”. Ён падзякаваў за малітву і блізкасць з боку многіх людзей, у тым ліку папы Францішка, і яшчэ раз папрасіў прабачэння за памылку, якая была дапушчана пры рэдагаванні яго каментара падчас падрыхтоўкі дакладу, падкрэсліваючы, што яна была зроблена несвядома.
Папа-эмерыт узгадаў пра асабістыя сустрэчы з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў прадстаўнікоў духавенства, падчас якіх мог “паглядзець у вочы наступствам велізарнай правіны” і навучыцца таму, што “мы самі ўцягваемся ў гэту велізарную правіну, калі занядбоўваем яе ці не змагаемся з ёй з належнай рашучасцю і адказнасцю, як часта адбывалася і адбываецца”.
“Як падчас гэтых сустрэч, магу толькі яшчэ раз выказаць ахвярам сексуальных злоўжыванняў мой глыбокі сорам, мой вялікі боль і маю шчырую просьбу аб прабачэнні. На мне ляжала вялікая адказнасць у Каталіцкім Касцёле і тым большым з’яўляецца мой боль з прычыны злоўжыванняў і памылак, якія выявіліся ў перыяд майго мандату ў адпаведных месцах. Кожны выпадак сексуальнага злоўжывання – жудасны і непапраўны. Да ахвяр сексуальных злоўжыванняў скіроўваюцца мае глыбокія спачуванні і мой жаль за ўсе паасобныя выпадкі”, - напісаў Пантыфік.