Пошук

Катакомбы Прысцылы Катакомбы Прысцылы 

Францішак узнагародзіў хрысціянскіх археолагаў

Адкрыцці хрысціянскай археалогіі набліжаюць нас да непахіснай і руплівай веры старажытных супольнасцей Касцёла, - адзначыў Францішак у лісце да ўдзельнікаў урачыстай сустрэчы Папскіх акадэмій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасяджэнне, якое прайшло 1 лютага 2022 года, было прысвечана італьянскаму археолагу Джавані Батысце дэ Росі да 200-годдзя з дня яго нараджэння. Папа нагадаў, што менавіта ён заклаў асновы новай галіны ведаў, якой з’яўляецца хрысціянская археалогія.

Дзякуючы намаганням археолага было знойдзена мноства магіл рымскіх мучанікаў і адноўлены іх культ. Дэ Росі падтрымлівалі Пій IX і Леў XIII. Была створана Ватыканская камісія сакральнай археалогіі і выкуплены месцы, дзе размяшчаліся хрысціянскія некропалі. Дзякуючы яму адкрылі катакомбы святога Калікста, ідэнтыфікавалі крыпту Пантыфікаў III стагоддзя і магілу святой Цэцыліі. Як адзначыў Францішак, дэ Росі не толькі даследаваў старажытныя падземныя некропалі, але і змог выявіць іх глыбокае духоўнае значэнне.

Папа ўзнагародзіў трох археолагаў: вучонага з Венгрыі Гозо Вороша, даследчыка іарданскай цытадэлі на ўзбярэжжы Мёртвага мора; італьянцаў Даменіка Беначы, аўтара дысертацыі аб надпісах з рымскіх катакомбаў святога Калікста, і Габрыэле Кастылью, за манаграфію аб хрысціянскай тапаграфіі цэнтральнай і паўднёвай Тасканы.
 

03 лютага 2022, 09:47