Арцыбіскуп Рына Фізікела Арцыбіскуп Рына Фізікела  

Юбілей 2025 года – магчымасць для абуджэння свету пасля пандэміі

Францішак запрашае нас зазірнуць у будучыню пасля месяцаў нявызначанасці і страху, - адзначыў арцыбіскуп Рына Фізікела падчас размовы з Vatican News, прысвечанай Святому 2025 году.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Cтаршыня Папскай рады па новай евангелізацыі, якой Папа даверыў арганізацыю юбілею, які пройдзе пад дэвізам Пілігрымы надзеі, лічыць яго магчымасцю аднаўлення адносін і вяртання да сустрэч.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што святыя гады часта пераплятаюцца з гістарычнымі абставінамі. Юбілей у 1950 годзе, па волі Пія XII, павінен быў аднавіць атмасферу даверу пасля Другой сусветнай вайны, у той час як Павел VI задумаў юбілей у 1975 годзе як час унутрыкасцёльнага адзінства пасля напружанасці паслясаборнага перыяду. У сваю чаргу, юбілей у 2000 годзе азнаменаваў уваход Касцёла ў трэцяе тысячагоддзе яго гісторыі. Сёння Францішак хоча, каб мы глядзелі ў будучыню пасля “месяцаў слабасці і страху, падчас якіх мы сутыкнуліся з нявызначанасцю і, на жаль, таксама са смерцю”, - адзначыў арцыбіскуп Фізікела.

Гаворачы аб характары юбілейных гадоў, ён звярнуў увагу на іх біблейскі змест: гэта час навяртання і адпачынку, які прыходзіць кожныя 25 гадоў, калі чалавек уступае ў больш глыбокія адносіны з Богам, самім сабой і стварэннем. Гэта час “абнаўлення нашага жыцця, магчымасць пасеяць тое, што дазволіць нам вярнуць давер і аднавіць чалавечыя адносіны”.

Іерарх падкрэсліў, што юбілей звязаны з пілігрымкай. Часта гэта цягне за сабой кантакт чалавека з прыродай, якая яго акружае. “Гісторыя пілігрымак вучыць нас, што гэта заўсёды момант вялікай духоўнай сілы, бо падчас вандравання чалавек глыбока паглыбляецца ў сябе”, - адзначыў старшыня Папскай рады. У канцы пілігрымкі трэба прыйсці да Святых дзвярэй, каб пераступіць іх парог. Гэты жэст выражае “самы глыбокі сэнс” юбілею.

Арцыбіскуп Фізікела пагадзіўся са сцвярджэннем, што Святы 2025 год стане для Рыма магчымасцю акрыяць ад пандэміі. “Але не толькі для Рыма. Сапраўды, пілігрымы будуць прыязджаць у першую чаргу ў Рым, але пазней адсюль, як мы добра ведаем, яны адправяцца ў іншыя вялікія італьянскія гарады, якія з'яўляюцца культурнымі і мастацкімі напрамкамі, месцамі рэлігійнага досведу. Такім чынам, хоць Рым – першы горад, які павінен падрыхтавацца да гэтага, але падчас юбілею ў пэўным сэнсе ўвесь свет выпраўляецца ў шлях. Не забывайма, што гады пандэміі сур'ёзна паўплывалі на падарожніцтва (...). Усё застыла не толькі ў турыстычнай сферы, але і ў сферы навуковых і рабочых падарожжаў. Таму гэты юбілей для Рыма, для Італіі і для ўсяго свету стане сапраўдным абуджэннем”, - лічыць ватыканскі іерарх.
 

21 лютага 2022, 10:35