Кардынал Паралін: яшчэ магчыма ўратаваць свет ад жахаў вайны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Перад абліччам сённяшняга развіцця крызісу ва Украіне, яшчэ выразней і настойлівей гучаць словы, якія Святы Айцец Францішак прамовіў учора на заканчэнне агульнай аўдыенцыі. Папа казаў пра “вялікі боль”, “трывогу і заклапочанасць”. Ён таксама заклікаў усе ўцягнутыя бакі “ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права”, - нагадаў кардынал Паралін, падкрэсліваючы, што “гэты заклік набывае драматычную неадкладнасць пасля пачатку расійскіх ваенных дзеянняў на тэрыторыі Украіны”.
“Трагічныя сцэнарыі, якіх баяліся мы ўсе, на жаль, сталі рэальнасцю. Але яшчэ ёсць час для добрай волі, яшчэ ёсць месца для перамоў, яшчэ ёсць месца для праяўлення мудрасці, якая перашкаджае пераважанню прыватных інтарэсаў, абараняе законныя памкненні кожнага і ратуе свет ад вар’яцтва і жахаў вайны. Мы, вернікі, не губляем надзеі на пробліск сумлення тых, хто трымае ў руках лёсы свету. І мы працягваем маліцца і пасціць – мы будзем рабіць гэта ў Папяльцовую сераду – у інтэнцыі міру ва Украіне і ва ўсім свеце”, - заявіў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.