Кардынал Равазі: дыялог – шлях сустрэчы ў разнастайнасці
Ян Глінскі – Vatican News
Старшыня Папскай рады па культуры ўзначаліў ватыканскую дэлегацыю на Сусветнай выставе Expo 2020, у рамках якой прайшло святкаванне ІІ Міжнароднага дня агульначалавечага братэрства. Ён адзначаецца штогадова 4 лютага – у дзень падпісання папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар шэйхам Ахмедам Аль-Таебам супольнай Дэкларацыі аб братэрстве. Гэта адбылося падчас візіту Святога Айца ў Абу-Дабі ў 2019 годзе.
Павільён Апостальскай Сталіцы на выставе прысвечаны дыялогу паміж культурамі, чалавечай мабільнасці і экалагічнай устойлівасці. Па словах кардынала Равазі, з нагоды Дня братэрства Папскай рада па культуры правядзе тут дыскусію ў рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, прысвечаную тэме цішыні, характэрнай не толькі для арабскай медытацыі, але і старажытнай будыйскай традыцыі.
Іерарх звярнуў увагу на важнасць умацавання навуковага дыялогу з прадстаўнікамі мусульманскай культуры, у першую чаргу ў сферы антрапалогіі. “І гэты навуковы дыялог, як было і ў мінулым, можа і надалей быць адным з прывілеяваных шляхоў сустрэчы ў разнастайнасці, у супольным імкненні да бачання, якое з’яўляецца глыбока гуманістычным і чалавечым”, - падсумаваў кардынал Джанфранка Равазі.