Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Сандры: трэба захаваць літургічную спадчыну Усходу

Літургічная спадчына хрысціянскага Усходу з’яўляецца супольным багаццем католікаў і праваслаўных, якую трэба сцерагчы і ахоўваць. На гэта ўказаў прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Ян Глінскі - Vatican News

Кардынал Леанарда Сандры выступіў падчас адкрыцця сімпозіума, арганізаванага да 25-годдзя інструкцыі Il Padre incomprensibile на тэму выкарыстання літургічных прадпісанняў Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў. Мэта дакумента, падпісанага 6 студзеня 1996 г. тагачасным прэфектам кангрэгацыі кардыналам Акіле Сільвестрыні і сакратаром арцыбіскупам Міраславам Марусіным, заключаецца ў практычным прымяненні літургічных норм у святле палажэнняў Кодэкса Канонаў Усходніх Касцёлаў ад 1991 г.

Гэтай супольнай спадчыне Усходу і Захаду пагражае знікненне з прычыны міграцыі ўсходніх хрысціян, якія прыбываюць на Захад, дзе пераважае лацінская традыцыя, зліваюцца там з іншым асяроддзем, у тым ліку касцёльным, і такім чынам страчваюць сваю ідэнтычнасць.

Кардынал Сандры нагадаў, што ўсходнія Каталіцкія Касцёлы належаць да адной з пяці ўсходніх літургічных традыцый: александрыйскай, канстанцінопальскай (візантыйскай), сіраантыяхійскай, сірыйска-ўсходняй і армянскай.

Па словах ватыканскага іерарха, істотным элементам гэтай сустрэчы стаў удзел у ёй арцыбіскупа Ёва (Геча) з Канстанцінопальскага Патрыярхата, што заахвочвае да адказнай працы над супольным пагадненнем, каб развітацца з “небяспекай страты ўсходняй тоеснасці”.

У актуальным сцэнарыі, па словах кардынала Сандры, клопат пра гэтую спадчыну заклікае, з аднаго боку, душпастыраў лацінскага Касцёла “не абмяжоўвацца толькі агульнай “Імшой на арабскай мове”, сутыкаючыся з мноствам мігрантаў у сваіх краінах”, а з іншага – заклікае кіраўнікоў і айцоў усходніх Касцёлаў “не станавіцца залежнымі ад такой формы цэлебрацыі, як лацінская, нібы гэта адзіны – бо датычыць большасці – узор, да якога трэба імкнуцца”.

18 лютага 2022, 08:41