Кардынал Тарксан: станем знакам міласэрнасці Бога для хворых
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Іерарх заўважыў, што гэты Дзень невыпадкова адзначаецца ў літургічны ўспамін Маці Божай Лурдскай, бо Яна падарыла свету “знак міласэрнасці Бога, які суправаджае змучанае чалавецтва на яго жыццёвым шляху”. Кардынал Тарксан заклікаў захапіцца і кіравацца логікай Божай міласэрнасці, што значыць “вярнуцца да сутнасці хрысціянскага выбару”, бо “спазнаўшы міласэрнасць Пана, мы вучымся быць міласэрнымі”.
Спасылаючыся на словы з Кнігі прарока Ісаі: “Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я”, іерарх заўважыў, што суцяшаць значыць “падбадзёрваць і абуджаць радасць”. Мы робім гэта, у першую чаргу, “прыносячы дар сваёй прысутнасці таму, хто перажывае сітуацыю немачы”, - дадаў ён, заклікаючы “чэрпаць натхненне і сілы ад Бога, які заўсёды блізкі да чалавецтва”.
Кардынал падкрэсліў, што тэма сведчання атрыманай любові праглядваецца ў евангельскім апавяданні пра сустрэчу Панны Марыі з Альжбетай, якая адбылася пасля Звеставання: анёл абвясціў Марыі пра тое, што Яе сваячка зачала, будучы з сталым узросце, сведчачы пра Божую магутнасць. “Такім чынам Альжбета стала сведкай для Марыі: тое, што Бог учыніў для Альжбеты, Ён чыніць цяпер для Марыі і Яна праслаўляе Пана сваім спевам Магніфікат”, - нагадаў былы ватыканскі прэфект.
Іерарх зазначыў, што Божая міласэрнасць пашыраецца з пакалення ў пакаленне, асабліва калі пастыры і вернікі прамаўляюць імя Бога, просячы Яго прынесці палёгку хворым і немачным. Рукі тых, хто клапоціцца пра хворых, дакранаючыся “Хрыстовага цела, якое пакутуе”, становяцца знакам міласэрных рук Нябеснага Айца, - сказаў кардынал Пітэр Тарксан, падкрэсліваючы, што дзякуючы дзейнасці Святога Духа, мы ўсе можам стаць “жыццядайным алеем для бліжніх”.