Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

“Не спыняймася рабіць дабро” – тэма паслання Пантыфіка на Вялікі пост

24 лютага 2022 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы ў Ватыкане адбудзецца прэзентацыя паслання Святога Айца на Вялікі пост.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Тэмай дакумента стаў радок з Паслання да Галатаў: “Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім” (6,9-10а).

Першай падчас прэзентацыі возьме слова італьянская законніца, сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Затым сваімі думкамі падзеляцца кардынал Франчэска Монтэнэгра, арцыбіскуп-эмерыт Агрыджэнта і член узгаданай дыкастэрыі, і ксёндз Масіма Мастыёлі з італьянскай дыяцэзіі Павія, які займаецца душпастырствам сярод цыганскай меншасці.

Прэс-канферэнцыя будзе трансліравацца ў прамым эфіры на каналах ватыканскіх СМІ ў Youtube.

Вялікі пост распачнецца ў Каталіцкім Касцёле 2 сакавіка 2022 года. У гэты дзень Папа пройдзе ў традыцыйнай пакаяннай працэсіі ад рымскага бэнэдыктынскага касцёла св. Анзэльма да дамініканскай базылікі св. Сабіны, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з абрадам пасыпання галоў попелам.

22 лютага 2022, 09:59