Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый ва Украіне пра драматычную сітуацыю ў Кіеве

Пра сітуацыя дзяцей, хворых і звычайных жыхароў Кіева пасля нападу Расіі на Украіну, распавёў Vatican News арцыбіскуп Вісвальвас Кульбокас, Апостальскі нунцый ва Украіне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што Кіеў цалкам паралізаваны ваеннымі дзеяннямі. У сувязі з гэтым у асабліва складанай сітуацыі апынуліся хворыя, бо ў горадзе складана атрымаць медыцынскую дапамогу. Іншая праблема: у Кіеве цяжка знайсці ваду і прадукты.

“Ведаючы, што набліжаюцца цяжкія дні, усе запасліся пэўнай колькасцю прадуктаў, але іх хопіць на некалькі дзён, і невядома – што адбудзецца, калі гэта сітуацыя будзе працягвацца і ў наступныя дні. Што застанецца з ежы? Бо зараз няма ніякіх спосабаў зрабіць запасы, рызыкоўна нават заставацца ў кватэрах, пакоях, цяжка знаходзіцца ў агульных памяшканнях... Мы ў нунцыятуры таксама імкнемся знаходзіцца на ніжніх паверхах, дзе менш рызыкі трапіць пад удар. Яшчэ складней выйсці на вуліцу і знайсці адкрытую краму, нам здаецца, што адкрытых крам няма бо ў іх не праводзяцца пастаўкі, бо і вуліцы перакрыты... Што будзе праз некалькі дзён? Гэта вялікае пытанне”, - сказаў арцыбіскуп Кульбокас.

Нунцый з болем пракаментаваў сітуацыю дзяцей, якія вымушаны хавацца ў сховішчах: “Мы, дарослыя, да чаго рыхтуем дзяцей? Дарослы, безумоўна, пераадолець пакуты, але дзіця... У Італіі і ў іншых еўрапейскіх краінах я ведаў тых, хто вырас у часы Другой сусветнай вайны: колькі пакут, і яны працягваюць пакутаваць дагэтуль... Сёння раніцай я думаў пра кіеўскіх дзяцей: калі яны вырастуць, як яны будуць адносіцца да людзей, пасля таго, што яны бачылі ў першыя дні, месяцы, гады жыцця, пад абстрэлам, пад бомбамі? Гэта яшчэ адно вялікае пытанне...”.

Гаворачы пра сітуацыю ў будынку нунцыятуры арцыбіскуп Кульбокас заўважыў: “Мы чуем як пралятаюць ракеты, чуюцца выбухі – як у мінулую ноч – баі недалёка ад нас... Мы молімся: молімся за нас саміх, за іншых, молімся за мір, молімся аб навяртанні ўсіх”.

26 лютага 2022, 18:32