Пошук

Кардынал Марк Уэле Кардынал Марк Уэле 

Кардынал Уэле: прычынай злоўжыванняў з'яўляецца не цэлібат

Святарскі цэлібат можна зразумець толькі з пункту гледжання веры. Хрыстус заклікаў сваіх вучняў пакінуць усё, каб ісці за Ім, - адзначыў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю іспанскаму каталіцкаму парталу Omnes кардынал Марк Уэле патлумачыў, што сапраўднай прычынай сексуальных злоўжыванняў з'яўляецца не цэлібат, а адсутнасць самакантролю і эмацыйнай раўнавагі некаторых прадстаўнікоў духавенства. Таму трэба ўдасканальваць распазнаванне пакліканняў да святарства і сачыць за псіха-афектыўным і маральным балансам кандыдатаў.

Іерарх нагадаў, што святар сакрамэнтальна прадстаўляе Хрыста як адзінага пасрэдніка ў адносінах чалавека з Богам. Святарства можна зразумець толькі з такога пункту гледжання, а не з сацыялягічнага – як удзел ва ўладзе.

Мусіраванне пытання святарства жанчын ён успрымае як праяву “функцыянальнай маскулінісцкай ментальнасці”, якая хоча даручыць жанчынам тыя ж задачы, што і мужчынам, забываючы пра іх унікальную харызму. Змены ў Касцёле павінны ісці значна глыбей і не канцэнтравацца на функцыях, якія трымаюць жанчын у падпарадкаваным да мужчын становішчы, - лічыць кардынал Уэле. Ён дадаў, што тэалогія цяпер актыўна займаецца пытаннем жаноцкасці.

Прэфект нагадаў, што асновай “фундаментальнай тэалогіі святарства” з’яўляецца хрост. Такім чынам, Касцёл як супольнасць ахрышчаных не можа быць зведзены выключна да іерархіі.
 

19 лютага 2022, 12:35