Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Палья: паліятыўная дапамога па-ранейшаму занядбаная

З нагоды Сусветнага дня хворага ў Ватыкане адбудзецца міжнародны вэбінар на тэму паліятыўнай дапамогі. У форуме, які арганізоўвае Папская акадэмія жыцця, прымуць удзел урачы і спецыялісты з усяго свету.

Ян Глінскі - Vatican News

На думку арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, паліятыўная апека моцна ігнаруецца, “нават у навуковых колах, а тым часам наша грамадства ўсё хутчэй старэе, і гэтае медыцынскае вымярэнне набывае ўсё большае значэнне“.

Старшыня Папскай акадэміі жыцця патлумачыў, што паліятыўная медыцына – гэта перш за ўсё спадарожнічанне чалавеку аж да моманту смерці. “Невыносным цярпеннем, якое ўсё часцей зведваюць у бальніцах старэйшыя людзі, з’яўляецца адыход у адзіноце, без прысутнасці блізкіх”, - адзначыў ён.

На думку іерарха, паліятыўная апека ўказвае на базавае заданне медыцыны – клопат пра пацыента. Ён нагадаў, што заданне ўрача – лячыць заўсёды, нават калі хвароба невылечная, і быць побач з пацыентам, суправаджаць яго ў пакутах.

Паліятыўная дапамога, лічыць арцыбіскуп Палья, “недаацэньваецца нават у медыцынскіх і навуковых колах”, у выніку, сем’і не атрымліваюць падтрымку, а хворыя застаюцца ў адзіноце ў самыя цяжкія моманты.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што паліятыўная дапамога з’яўляецца не другараднай, а адной з найважнейшых сфер медыцыны. “Нельга казаць, што яна займаецца этапам чалавечага жыцця, на якім ужо нічога не ўдасца зрабіць. Неабходна пазітыўнае бачанне. Трэба нагадваць, што паліятыўная дапамога азначае суправаджэнне хворага чалавека такім чынам, каб перад смерцю ён атрымаў найлепшую дапамогу: не толькі выключна медыцынскую, але і псіхалагічную, духоўную, а таксама звычайную чалавечую блізкасць. Ніхто не можа быць гэтага пазбаўлены ў найцяжэйшыя моманты свайго жыцця. Да таго ж мы, як хрысціяне, верым, што смерць – гэта не канец нашага жыцця. І такое духоўнае вымярэнне паліятыўнай дапамогі мы стараемся распаўсюджваць”, - адзначыў старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 

11 лютага 2022, 10:38