Святы Пасад: вера аб’ядноўвае людзей у барацьбе з беднасцю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican New
Мансеньёр Джон Путцэр прыняў удзел у сёмай сустрэчы ў рамках Штогадовага міжрэлігійнага дыялогу. Яна прайшла ў Жэневе на тэму: Роля веры ў барацьбе з беднасцю ў сітуацыі крызісу аховы здароўя.
Падчас пандэміі загінулі каля 6 мільёнаў чалавек, а сусветная эканоміка апынулася ў моцным рэгрэсе, паглыбілася сацыяльная няроўнасць, значна пашырылася беднасць. На жаль, салідарнасць і клопат пра самых бедных не сталі прыярытэтам для многіх краін. Яны практычна працавалі на сябе, пра што сведчыць несправядлівае размеркаванне вакцын. У выніку свет атрымаў новы віток сацыяльнай няроўнасці, - агучыў меркаванне Святога Пасаду яго прадстаўнік.
Шукаючы лекі ад гэтых сацыяльных хвароб, варта звярнуцца да рэлігійнай веры, - адзначыў дыпламат. Па-першае, вера можа дапамагчы пераадолець ізаляцыю і падзелы і стаць аб’ядноўваючай сілай у грамадстве. Роля рэлігіі заключаецца ў стварэнні супольнасці. У першую чаргу яна злучае верніка з Богам, праз малітву і падзяку. Яе плёнам з’яўляюцца таксама больш моцныя міжасобасныя сувязі, якія пераадольваюць культурныя, эпахальныя і палітычныя адрозненні. Пра гэта кажа Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti.
Па-другое, вера – гэта прарочы голас. Вернікі абавязаны дзейнічаць супраць несправядлівасці.
Па-трэцяе, вера з’яўляецца рухавіком дзеяння. Людзі розных канфесій могуць працаваць разам па ўсім свеце. Каардынаваныя намаганні ўнутры і паміж канфесіямі могуць прынесці адчувальныя вынікі ў выяўленні рэальных патрэб і дапамозе тым, хто апынуўся ў цяжкасцях.
Мансеньёр Путцэр нагадаў, што з пачатку пандэміі Каталіцкі Касцёл на чале з Папам праз шэраг сваіх устаноў актыўна падтрымлівае людзей у іх цяжкім становішчы.