Святы Пасад у АБСЕ: спыніць усе намёкі на пагрозу вайны ва Украіне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры АБСЕ, мансеньёр Януш Урбанчык, прыняў удзел у 1355-м пасяджэнні Пастаяннай рады гэтай арганізацыі, на якім разглядаліся пытанні, звязаныя з дзейнасцю Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне.
Ватыканскі дыпламат у першую чаргу зазначыў, што Апостальская Сталіца ўдзячная членам узгаданай місіі на “бясцэнную працу, выкананую ў складаных умовах, абвостраных актуальнай пандэміяй COVID-19”.
Мансеньёр Урбанчык нагадаў нядаўнія словы Папы, якія тычацца сітуацыі вакол Украіны, а таксама заклік Святога Айца, скіраваны да дыпламатычнага корпусу падчас сустрэчы 10 студзеня 2022 года, адносна таго, каб узаемны давер і гатоўнасць да спакойнай дыскусіі дапамаглі знайсці “прымальныя і трывалыя рашэнні”.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў таксама і папярэджанне Святога Айца, адносна таго, што “ўмацаванне напружанасці пагражае нанесці новы ўдар па міры ва Украіне і ставіць пад пытанне бяспеку на ўсім еўрапейскім кантыненце, з яшчэ больш шырокімі наступствамі”. Ён падкрэсліў, што нельга шкадаваць сіл і магчымасцей на карысць міжнароднага дыялогу з мэтай пакласці канец напружанасці.
Спасылаючыся на нядаўнія словы Папы, мансеньёр Урбанчык заўважыў, што “вайна – гэта шаленства”, а з прычыны канфліктаў “найбольш пакутуюць не тыя, хто вырашае іх распачаць, а ў першую чаргу тыя, хто становіцца іх бездапаможнымі ахвярамі”, пазбаўленымі самых фундаментальных правоў. Таму Апостальская Сталіца заклікае спыніць “якія-кольвечы намёкі на пагрозу вайны”, каб дзеці, жанчыны і мужчыны “былі ўратаваны ад жахаў канфлікту”.