Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: вайна не з’яўляецца непазбежнасцю

“Хто хоча ўвайсці ў гісторыю, павінен будаваць мір, а не распачынаць вайну”, - падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму тэлеканалу TV2000.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У апошнія дні Папа вельмі шмат казаў пра боль, трывогу і заклапочанасць. Гэта пачуцці, якія глыбока ахопліваюць нас у гэты момант, разам з жахам ад таго, што адбываецца пасля расійскага нападу на Украіну”, - сказаў у вячэрнім эфіры 24 лютага 2022 года бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

“Мы былі вельмі глыбока разгублены ў сувязі з падзеямі, якія лічылі малаверагоднымі, хоць вецер вайны дзьмуў ужо на працягу доўгага часу”, - з жалем прызнаўся Дзяржсакратар.

На думку кардынала Параліна, каб пазбегнуць далейшых чалавечых пакут трэба не засяроджвацца на аднабаковых інтарэсах, паважаць страхі, надзеі і чаканні кожнага. “Вядома, першым крокам з’яўляецца спыненне ваенных аперацый, а затым – вяртанне да дыпламатыі, дыялогу і перамоў”, - дадаў ён.

“Вайна не з’яўляецца непазбежнасцю. Вайна – гэта рашэнне, якое было прынята людзьмі. І тыя самыя людзі, якія захацелі вайны, могуць яе спыніць: могуць спыніць яе, усведамляючы, якія вялікія пакуты яна прычыняе. Мы ўжо бачым наступствы вайны: людзей, якія пакідаюць свае дамы, якія ўцякаюць, якія паміраюць, бо ўжо ёсць загінулыя”, - сказаў Дзяржсакратар, падкрэсліваючы, што “спыніць вайну магчыма, дастаткова толькі жадаць гэтага”.

Кардынал заўважыў, што ў сваіх закліках Пантыфік часта звяртаецца менавіта да сумлення людзей, надзеленых уладай, нагадвае пра іх адказнасць “перад Богам, перад іх народамі і перад гісторыяй”, бо “той, хто хоча ўвайсці ў гісторыю, павінен будаваць мір, а не распачынаць вайну”.

25 лютага 2022, 08:33