Пошук

Кадры з украінскага Марыупаля Кадры з украінскага Марыупаля  Калонка рэдактара

Дзясяты год пантыфікату Францішка азначаны вайной у сэрцы Еўропы

Папа ўступае ў дзясяты год пантыфікату, і ён азначаны жахам вайны ў сэрцы Еўропы. Сёння зноў актуальныя яго словы, вымаўленыя год таму падчас самай смелай паездкі яго пантыфікату ў Ірак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэта звярнуў увагу галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на Vatican News. Кульмінацыяй таго падарожжа стала наведванне развалін Масула. Там Францішак сказаў: “Як жорстка, што гэтая краіна, калыска цывілізацыі, пацярпела ад такога бесчалавечнага ўрагану, у выніку якога былі знішчаны старажытныя месцы культу, а тысячы і тысячы людзей – мусульмане, хрысціяне, езіды і іншыя – былі выгнаныя і забітыя!”.

“Праз год у чарговы раз перад вачыма ўсяго свету паўстаюць трагічныя наступствы крывадушна названай “спецыяльнай ваеннай аперацыяй” бруднай вайны ва Украіне: цяжар болю, пакуты, разадраныя целы нявінных людзей, загінулыя дзеці, падзеленыя сем'і, мільёны бежанцаў, вымушаных кінуць усё, каб выратавацца ад бомб, ператвораныя ў палі бітваў гарады, знявечаныя і спаленыя дамы. Не кажучы ўжо аб ранах сэрца, на гаенне якіх сыдуць гады. Гэта блізкая вайна. Яна не такая далёкая, як вайна ў Іраку, якую Ян Павел ІІ па-прароцку і марна маліў не пачынаць і якая ператварыла зямлю Абрагама ў гняздо тэрарызму. Вайна – гэта "авантура без вяртання", - напісаў Тарніелі.

Ён заўважыў, што на гэты раз нянавісць і насілле не могуць быць апраўданы тэорыямі аб “сутыкненні цывілізацый” і не маюць нічога агульнага з надуманымі рэлігійнымі матывамі. Цяпер з абодвух бакоў знаходзяцца людзі, якія падзяляюць адзіную хрысціянскую веру і адзін хрост.

“Калі мы жадаем міру, трэба рыхтавацца да міру, а не да вайны. Патрэбна смеласць і крэатыўны падыход да пошуку новых планаў добрасуседства паміж краінамі, не заснаванага на балансе сіл або стрымліванні”, - лічыць Тарніелі.

Ён прывёў словы Францішка, якія прагучалі год таму ў Уры Халдэйскім: “З чаго можа пачацца шлях міру? З таго, каб не мець ворагаў. У каго ёсць смеласць глядзець на зоркі, хто верыць у Бога, няма ворагаў, з якімі трэба бароцца. У яго ёсць толькі адзін вораг, які стаіць каля дзвярэй яго сэрца і стукаецца, каб увайсці: гэта варожасць”.

Гэтыя дзевяць гадоў пантыфікату з’яўляюцца просьбай быць на баку прыгнечаных, атакаваных, пераможаных, апошніх, адкінутых, сеяць мір і ніколі не сеяць нянавісць, вайну і насілле, - пасумаваў Андрэа Тарніелі.
 

14 сакавіка 2022, 10:36