Пошук

Падчас святой Імшы за мір ва Украіне Падчас святой Імшы за мір ва Украіне 

Дзяржсакратар маліўся з дыпламатамі за мір ва Украіне

16 сакавіка 2022 года кардынал П’етра Паралін узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі міра ва Украіне. Яна прайшла ў ватыканскай базыліцы ў прысутнасці дыпкорпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы заўважыў у гаміліі, што людзі, якія працуюць на карысць міра, становяцца падобнымі да Бога. Менавіта пра іх Езус сказаў: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць”. Гэта евангельскае благаслаўленне асабліва актуальна цяпер, калі ва Украіне “цякуць рэкі крыві і слёз”, - дадаў іерарх.

“Мы сабраліся тут, каб маліцца за мір, бо ўпэўнены, што малітва ніколі не бывае марнай, што малітва можа ўплываць на сітуацыі, якія па-чалавечы з’яўляюцца самымі безнадзейнымі”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы, заклікаючы прысутных на святой Імшы аднавіць упэўненасць у тым, што “Бог можа змяніць сэрцы і розум праз малітву”.

Кардынал Паралін спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак пра дыскусію паміж Якубам і Янам адносна лепшага месца побач з Езусам у Яго Валадарстве. На думку ватыканскага іерарха, гэта апавяданне адлюстроўвае “дзе розныя логікі, дзве розныя хвалы: хвалу Бога, якая праходзіць праз крыж, і хвалу людзей, якія шукаюць мірскога поспеху і ўлады”.

Хрыстус прагне паказаць нам, як і апосталам, што шлях да сапраўднай велічы ляжыць праз пакорнае служэнне іншым, “наследуючы Яго прыклад, а Ён не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць”, - нагадаў Дзяржаўны Сакратар. “Ці не здаецца вам, браты і сёстры, што калі б і мы па-сапраўднаму спаўнялі словы Езуса на практыцы, то ўсе канфлікты свету паступова спыніліся бы?”, - спытаў іерарх.

Кардынал Паралін нагадаў словы святога Яна ХХІІІ, які ў сваёй энцыкліцы Pacem in terris, указаў на чатыры перадумовы для стварэння міра ў чалавечай гісторыі: павага да праўды, імкненне да справядлівасці, братэрская любоў, якая пазбягае насілля, і свабода, якая выключае ўсялякі прымус.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца працытаваў словы Езуса, сказаныя падчас Апошняй вячэры: “Супакой пакідаю вас, супакой Мой даю вам”. “Супакой – гэта спадчына Пана, таму вучань Езуса ніколі не губляе надзеі. Чалавек, які шчыра любіць Хрыстовы супакой, які пасярод тысяч перашкод і супрацьстаянняў сведчыць пра яго, які кожны дзень просіць Пана ў малітве аб валадарстве сапраўднага супакою – робіць хоць невялікі, але рэальны ўклад у тое, каб зрабіць зямлю больш міласэрнай і чалавечнай”, - сказаў кардынал П’етра Паралін.

17 сакавіка 2022, 09:38