Кардынал Чэрны аб сваёй місіі ва Украіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Выконваючы абавязкі прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека адзначыў, што выкрываючы злачынствы, якія адбываюцца сёння ва Украіне, усе павінны зрабіць рахунак сумлення з свайго ўдзелу ў стварэнні атмасферы насілля і агрэсіі ў свеце. Іерарх таксама звярнуў увагу на сумнае падабенства паміж пакутамі ўкраінцаў і ахвяр зацяжных, забытых канфліктаў.
У сваёй місіі ва Украіне ён мае намер нагадаць пра правы замежных грамадзян, азіятаў і афрыканцаў, якія тут працуюць і вучацца; таксама і яны пакутуюць ад страху і маюць права шукаць бяспечнага прытулку. Кардынал Чэрны прызнаўся, што падчас сваёй місіі ён зверне ўвагу і на тое, што ў сітуацыі шырокай міграцыі ўзнікае з'ява гандлю людзьмі. Асабліва гэта тычыцца самых слабых.
Нагадаем, што ў мінулую нядзелю, 6 сакавіка 2022 года, Францішак заявіў аб сваім рашэнні праявіць асаблівую салідарнасць Касцёла з украінскім народам, накіроўваючы ў краіну двух ватыканскіх кардыналаў: Апостальскага элемазінарыя Конрада Краеўскага і кардынала Майкла Чэрны, кіраўніка Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Зала Друку ўдакладніла, што кардынал Краеўскі "накіроўваецца на польска-ўкраінскую мяжу, дзе наведае бежанцаў і валанцёраў у прытулках і дамах". Кардынал Чэрны прыбудзе ў Венгрыю ў аўторак, 8 сакавіка, дзе наведае цэнтры прыёму мігрантаў з Украіны.