Пошук

Благаслаўлёны Ціт Брандсма Благаслаўлёны Ціт Брандсма 

Папа кананізуе праціўніка прапаганды і мучаніка за праўду

15 мая 2022 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Францішак кананізуе дзесяць благаслаўлёных. Сярод іх айцец Ціт Брандсма – галандскі кармеліт, прафесар, пісьменнік і журналіст.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

19 студзеня 1942 года 60-гадовы Ціт Брандсма (свецкае імя якога Ано Шурд) быў арыштаваны за крытыку нацызма і за намаганні, накіраваныя на захаванне антынацысцкай лініі ў галандскім каталіцкім друку. Праз некалькі месяцаў ён апынуўся ў канцэнтрацыйным лагеры Дахаў, дзе падвяргаўся жорсткім прыніжэнням і быў прымушаны да цяжкіх прац. 26 ліпеня 1942 года знясіленаму святару зрабілі смяротную ін’екцыю, а цела спалілі ў крэматорыі.

Генеральны прыёр Ордэна кармелітаў, айцец Міхал О’Ніл, заўважыў, што навіна пра кананізацыю айца Ціта Брандсма была доўгачаканай і з’яўляецца знакам прызнання Касцёлам яго святасці і сведчання. “Асабліва значэнне мае той факт, што гэта цэлебрацыя адбудзецца ў час, калі праўда і сумленнасць цяжка пакутуюць ад вялікіх канфліктаў, якія пагражаюць сёння міру на зямлі”, - дадаў ён.

Як выкладчык і журналіст айцец Брандсма быў вельмі вядомай асобай у Галандыіі. Ён не баяўся асуджаць нацысцкую філасофію падчас сваіх прамоў і лекцый. Як касцёльны асістэнт пры Саюзе каталіцкіх журналістаў ён ад імя біскупаў заклікаў каталіцкія СМІ не выдаваць нацысцкую прапаганду. Як старшыня Саюза каталіцкі школ заахвочваў ігнараваць нацысцкі загад адносна выключэння яўрэйскіх дзяцей з навучальных устаноў. На гэты заклік у першую чаргу адгукнуліся кармеліцкія школы. Выказванні айца Ціта Брандсмы былі добра вядомымі ў Галандыі, у тым ліку нацысцкім верхаводам, з-за чаго святара называлі “маленькім небяспечным манахам”.

Пасля смерці святара многія сведкі распавядалі, што ў самыя цёмныя моманты, будучы вязнем у канцлагеры, айцец Брандсма быў знакам надзеі для людзей розных веравызнанняў.

Працэс беатыфікацыі айца Ціта Брандсмы распачаўся ў 1952 годзе і стаў першым працэсам, які тычыўся мучаніка нацыянал-сацыялізма. 3 лістапада 1985 года Ян Павел ІІ абвясціў галандскага кармеліта благаслаўлёным. У лістападзе 2021 годзе быў прызнаны цуд аздараўлення ад анкалагічнага захворвання, які адбыўся праз заступніцтва айца Ціта, а падчас Звычайнага публічнага кансісторыя 4 сакавіка 2022 года было прынята рашэнне аб яго кананізацыі. Імем Ціта Брандсмы названа вышэйшая прэмія Міжнароднага саюза журналістаў-католікаў, якая з 1988 года ўручаецца раз у тры гады.
 

05 сакавіка 2022, 10:47