"Папа кажа пра мір, але..."
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Папа выказваецца супраць новых узбраенняў, але... Папа ёсць Папам, але... Папа не можа сказаць больш за тое, што кажа, але...”. Заўсёды знаходзіцца нейкае “але”, якое ў многіх каментарах неўразумела суправаджае недвухсэнсоўнае “не – вайне”, прамоўленае Францішкам, змяшчаючы яго ў пэўны кантэкст ці змяншаючы яго моц”, - пачаў сваё разважанне на партале Vatican News Андрэа Тарніелі.
“Не маючы магчымасці інтэрпрэтаваць словы Біскупа Рыма ў жаданым сэнсе, калі не атрымліваецца нейкім чынам “схіліць” гэтыя словы на падтрымку новай гонкі ўзбраенняў, якая паскорылася ў выніку агрэсіўнай вайны, развязанай Уладзімірам Пуціным супраць Украіны, яны элегантна дыстанцыруюцца, кажучы: так, Папа не можа сказаць больш за тое, што кажа, і тады ўсё павінна вырашаць палітыка. І вось палітыка заходніх урадаў вырашае павялічыць і без таго шматмільярдныя выдаткі на новыя і яшчэ больш сучасныя ўзбраенні. Гэта мільярды, якіх не знайшлося ні для сем’яў, ні для сферы аховы здароўя, ні для сферы працы, ні для гасціннасці, ні для барацьбы з беднасцю і голадам”, - зазначыў ватыканскі журналіст.
“Вайна – гэта незваротная авантура, - паўтарае Францішак за сваімі непасрэднымі папярэднікамі, асабліва за святым Янам Паўлам ІІ. Таксама і словы Папы Вайтылы з нагоды дзвюх войнаў у Іраку і вайны на Балканах “разглядаліся ў кантэксце” і “перакатэгарызаваліся”, нават у Касцёле. Папа, які на пачатку пантыфікату заклікаў “не баяцца” і “расчыніць дзверы Хрысту”, у 2003 годзе марна прасіў спыніцца трох заходніх лідараў, якія мелі намер скінуць рэжым Садама Хусейна. На адлегласці амаль у дваццаць гадоў, хто можа адмаўляць, што антываенны заклік гэтага Пантыфіка быў не толькі прароцкім, але таксама прасякнутым глыбокім палітычным рэалізмам? Дастаткова паглядзець на руіны спакутаванага Іраку, які на доўгі час ператварыўся ў рассаднік усялякага тэрарызму, каб зразумець, наколькі дальнабачным быў позірк святога Пантыфіка з Польшчы”, - падкрэсліў Тарніелі.
На яго думку, “цяпер адбываецца тое самае ў адносінах да Папы, які не пагаджаецца з непазбежнасцю вайны, безвыходным тунэлем, прадстаўленым насіллем, вычварнай логікай пераўзбраення, тэорыяй стрымлівання, якая нашпігавала свет такой вялікай колькасцю ядзерных узбраенняў, што імі можна некалькі разоў цалкам знішчыць усё чалавецтва”.
Тарніелі прыгадаў словы Францішка, прамоўленыя некалькі дзён таму: “Мне было сорамна, калі я прачытаў, што група дзяржаў абавязалася патраціць, здаецца, два працэнты ці дзве дзясятыя працэнта ВУП на набыццё зброі ў адказ на тое, што адбываецца цяпер. Гэта шаленства! Сапраўдны адказ, як я ўжо сказаў, гэта не дадатковая зброя, не іншыя санкцыі, не чарговыя ваенна-палітычныя саюзы, але іншы падыход, іншы спосаб кіравання светам – цяпер ужо глабалізаваным – і іншыя ўстаноўкі ў міжнародных адносінах, а не “паказванне зубоў”, як гэта адбываецца зараз. Мадэль клопату, дзякуй Богу, ужо пачала ажыццяўляцца, але, на жаль, яна ўсё яшчэ падпарадкавана ваенна-эканамічнай і тэхнакратычнай мадэлі”.
“Не – вайне”, выказанае Францішкам, “не” радыкальнае і ўпэўненае, не мае нічога супольнага з так званым нейтралітэтам і не можа быць прадстаўлена як частковая пазіцыя ці пазіцыя, абумоўленая палітычна-дыпламатычным разлікам. У гэтай вайне ёсць агрэсар і ахвяра агрэсіі. Ёсць тыя, хто здзейсніў напад і ўварванне, забіваючы безабаронных мірных жыхароў і крывадушна маскіруючы канфлікт пад макіяжам “спецыяльнай ваеннай аперацыі”; і ёсць тыя, хто мужна абараняцца, змагаючыся за сваю зямлю. Наступнік Пятра не аднойчы казаў пра гэта, выразнымі словамі безумоўна асуджаючы ўварванне, казаў пра мучаніцтва Украіны, якое працягваецца ўжо больш за месяц”, - дадаў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
“Гэта, аднак, не азначае “благаслаўленне” паскарэння гонкі ўзбраенняў, якая пачалася ўжо даўно, бо еўрапейскія краіны павялічылі выдаткі на ваенныя мэты на 24,5% пачынаючы з 2016 года. Папа не з’яўляецца “капеланам Захаду” і таму паўтарае, што быць на правільным баку гісторыі, значыць быць супраць вайны, не шкадуючы высілкаў у пошуку міру”.
Тарніелі заўважыў, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла прадугледжвае права на абарону. Але ён ставіць умовы, удакладняючы, што выкарыстанне ўзброеннай сілы не павінна прыводзіць да яшчэ большай шкоды і беспарадкаў, чым тое зло, якое неабходна спыніць, і нагадвае, што пры ацэнцы гэтых умоў вялізарную вагу мае “магутнасць сучасных сродкаў знішчэння”. “Ці можна адмаўляць, што чалавецтва знаходзіцца сёння на краю прорвы менавіта з-за эскалацыі канфлікту і магутнасці “сучасных сродкаў знішчэння”?”, - спытаў ён.
“Вайна – казаў учора падчас Анёл Панскі папа Францішак – не можа быць нечым непазбежным: не можна прывыкаць да вайны! Неабходна ператварыць сённяшняе абурэнне ў заўтрашнія намаганні. Таму што, калі мы выйдзем з гэтай гісторыі, як і раней, усе мы ў нечым будзем вінаватыя. Сутыкнуўшыся з небяспекай самазнішчэння, чалавецтва разумее, што настаў час адмовіцца ад вайны, выкрасліць яе з гісторыі чалавека, перш чым яна выкрасліць чалавека з гісторыі”.
“Таму, неабходна сур’ёзна аднесціся за воклічу, да гэтага закліку, які паўтарае Папа: ён скіраваны менавіта да палітыкаў, каб задумаліся і ўзялі на сябе адпаведныя абавязацельствы. Неабходна моцная палітыка і крэатыўная дыпламатыя, каб дасягнуць міру, каб выкарыстаць усе магчымасці, каб спыніць вычварны вір, які ўсяго за некалькі тыдняў пагасіў надзею на экалагічны пераход, даўшы новы імпульс вялікаму бізнесу гандлю зброяй. Вецер вайны пераводзіць назад стрэлкі гадзінніка гісторыі, вяртаючы нас у эпоху, якая, як мы спадзяваліся, канчаткова засталася ў мінулым пасля падзення Берлінскай сцяны”, - заключыў Андрэа Тарніелі.