Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Папскі элемазінарый адправіўся ва Украіну

Кардынал Конрад Краеўскі адправіўся ва Украіну, каб перадаць дапамогу патрабуючым і выказаць блізкасць Святога Айца людзям, якія пакутуюць ад вайны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Я не ведаю, наколькі далёка змагу даехаць, але паспрабую запэўніць усіх, каго сустрэну, у блізкасці і падтрымцы Святога Айца. Я не баюся, бо ў маім сэрцы – Евангелле”, - сказаў Апостальскі элемазінарый у каментары для Vatican News.

Кардынал Краеўскі спачатку накіруецца ў Польшчу, адкуль паспрабуе трапіць на тэрыторыю Украіны. Яго маршрут яшчэ дакладна не вызначаны, але мэта падарожжа зразумелая: “Дайсці да людзей, якія пакутуюць, і прынесці ім падтрымку Папы, сказаць, што ён любіць іх і моліцца за іх, бо малітвай мы можам зрушыць горы і спыніць вайну”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

“Святы Айцец карыстаецца логікай Евангелля і блізкі да тых, хто пакутуе, каго забіваюць, хто пакідае сваю краіну”, - сказаў элемазінарый. Ён заўважыў, што хоча сустрэцца таксама з валанцёрамі, з людзьмі, якія дапамагаюць бежанцам на мяжы з Польшчай.

Кардынал Краеўскі распавёў, што пра магчымасць наведаць Кіеў будзе вядома, калі ён апынецца на памежжы. “Мы ведаем, што мэр Кіева папрасіў усё духавенства, калі можа, прыехаць і быць разам з імі, каб маліцца і абараняць горад малітвай”, - дадаў ватыканскі іерарх.
 

07 сакавіка 2022, 07:47