Пошук

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Дзяржсакратар: для вайны, нянавісці і насілля няма апраўданняў

Свет аказаўся няздольным пабудаваць, пасля падзення Берлінскай сцяны, новую сістэму добрасуседства, якая б выходзіла за рамкі ваенных альянсаў і эканамічнай выгады, - лічыць кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці растлумачыў пазіцыю Святога Пасаду ў дачыненні да агрэсіі Расіі супраць Украіны. Ён даў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі.

“Той, хто вядзе вайну, спадзяецца на д'ябальскую логіку зброі і забываецца на чалавечнасць”, - падкрэсліў дыпламат, спасылаючыся на словы Францішка. Святы Пасад цвёрда заяўляе аб непрыняцці вайны "як інструмента замаху на свабоду іншых народаў і як спосабу вырашэння міжнародных спрэчак”, заклікаючы да сумлення ўсіх спыніць баявыя дзеянні.

На пытанне аб мэце візіту Папы ў расійскае пасольства пры Святым Пасадзе іерарх адказаў, што “Францішак пажадаў выказаць маскоўскім уладам усю сваю занепакоенасць ваеннай эскалацыяй, якая на той момант толькі пачалася, і вырашыў зрабіць гэта вельмі асабістым чынам”.

Што да тэлефоннай размовы кардынала Параліна з міністрам замежных спраў Расіі Лаўровым, то ён быў нагодай для таго, каб “паўтарыць заклік Папы да неадкладнага спынення агню”. “Я прасіў аб спыненні баявых дзеянняў, прасіў устаць на шлях вырашэння канфлікту праз перамовы. Я паставіў акцэнт на павазе да цывільнага насельніцтва і на гуманітарных калідорах. Акрамя таго, я яшчэ раз пацвердзіў, як гэта зрабіў Папа ў мінулую нядзелю падчас Анёл Панскі, поўную гатоўнасць Святога Пасаду да любых форм пасрэдніцтва, якія маглі б садзейнічаць міру ва Украіне”, - прызнаўся кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

“Войны, падобна ракавай пухліне, растуць і сілкуюцца самімі сабой. Калі мае месца канфлікт, калі расце колькасць безабаронных ахвяр, складана павярнуць назад, – хоць гэта заўсёды магчыма, калі сапраўды да гэтага ёсць воля. (...) Мы не павінны саступаць логіцы насілля і нянавісці. Нельга паддавацца і логіцы вайны, зміраючыся і гасячы ўсякі пробліск надзеі. Усе разам мы, як гэта робіць Папа, павінны звярнуцца да Бога і да людзей, каб змоўкла зброя і аднавіўся мір”, - заявіў у інтэрв’ю кардынал Паралін.

Дзяржсакратар звярнуў увагу на тэндэнцыю, якая па-сапраўднаму непакоіць: у кантэксце вайны ва Украіне пачалі актыўна казаць пра нарошчванне ўзбраенняў, аб новых ваенных выдатках, і неабходнасці вярнуцца да вугальных электрастанцый, адклаўшы ў доўгую скрыню пераход на экалагічныя крыніцы энергіі. Ствараецца ўражанне, што ваенная логіка пачала пераважаць, а дыстанцыя паміж народамі павялічваецца.

Паралін спаслаўся на Яна Паўла ІІ, які ў свой час маліў не пачынаць вайну ў Іраку: “Мы бачым, у якіх умовах знаходзіцца гэтая краіна сёння, амаль праз дваццаць гадоў. У нас перад вачыма маса доказаў разбурэнняў і нестабільнасці, да якіх прывяла вайна”.

Ён звярнуў увагу на факт наяўнасці ў каталіцкім сацыяльным вучэнні дапушчальнасці ўзброенага супраціву агрэсіі. “Аднак я думаю, што ў кантэксце таго, што адбываецца, неабходна задацца пытаннем: ці робім мы ўсё магчымае, каб дасягнуць перамір'я, і ці з'яўляецца шлях зброі адзіным магчымым шляхам, які нам застаўся?” – адзначыў дыпламат.

Дзяржсакратар лічыць, што называць тое, што адбываецца ва Украіне, проста ваеннай аперацыяй “азначае не прызнаваць рэальнасці фактаў”. “Мы маем справу з вайной, якая, на жаль, сее мноства ахвяр сярод грамадзянскіх асоб, як і падчас усіх войнаў”, - дадаў ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці зрабіла ўсё магчымае Еўропа і Захад у цэлым, каб пазбегнуць гэтай вайны, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду сказаў: “Варта згадаць аб канфліктнай сітуацыі на Данбасе, аб недастатковай актуалізацыі Мінскіх пагадненняў і аб тым, што адбылося з Крымам. Але няма сэнсу плакаць над разлітым малаком! Хутчэй, патрэбна новая рашучасць для садзейнічання вырашэнню крызісу з удзелам усіх”.

Кардынал Паралін з жалем адзначыў, што “чалавецтва аказалася няздольным пабудаваць, пасля падзення Берлінскай сцяны, новую сістэму добрасуседства паміж народамі, якая б выходзіла за рамкі ваенных альянсаў або эканамічнай выгады". Ён падкрэсліў, што разам з тым "ніколі не бывае занадта позна заключыць мір, ніколі не позна перадумаць і знайсці пагадненне".

Гаворачы аб ролі Цэркваў у гэтым працэсе, Дзяржсакратар Яго Святасці падкрэсліў: "Вельмі важна, каб яны настойвалі на спыненні баявых дзеянняў, – для вайны, нянавісці і насілля няма апраўданняў".
 

12 сакавіка 2022, 12:56