Святы Пасад: сёлета няма рэкамендацый па літургіі Вялікага тыдня
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паколькі пандэмія працягвае запавольвацца, дыкастэрыя не мае намеру даваць далейшыя рэкамендацыі па цэлебрацыі літургіі Вялікага тыдня, як гэта было ў апошнія два гады. Яна лічыць досвед, набыты біскупскімі канферэнцыямі, дастатковым для самастойнага вырашэння рознага роду сітуацый, звязаных з пандэмічнымі абмежаваннямі. Арцыбіскуп Артур Рашэ, прэфект Кангрэгацыі нагадвае, што гэта павінна адбывацца заўсёды з захаваннем норм, якія змяшчаюцца ў літургічных кнігах.
“Мы заклікаем усіх праяўляць абачлівасць і пазбягаць дзеянняў і паводзін, якія могуць прадстаўляць патэнцыяльную рызыку. Кожная ацэнка і рашэнне заўсёды павінны прымацца пасля кансультацый з Канферэнцыяй Біскупаў, якая павінна ўлічваць правілы, прынятыя кампетэнтнымі грамадзянскімі ўладамі адпаведных краін”, - гаворыцца ў заяве.
Арцыбіскуп Рашэ нагадвае, што ў літургіі Вялікай пятніцы, падчас цэлебрацыі Мукі Пана, будуць гучаць малітвы да Бога за Касцёл і ўвесь свет. “Разам з Украінай мы хацелі б нагадаць і пра ўсе іншыя канфлікты, якіх, на жаль, яшчэ шмат у многіх краінах свету, і якія папа Францішак назваў фрагментарнай Трэцяй сусветнай вайной”, - напісаў ён.