Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: каталіцкія школы на службе культуры дыялогу

Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі абнародавала інструкцыю пад назвай “Тоеснасць каталіцкай школы на карысць культуры дыялогу”. Яна пабачыла свет 29 сакавіка 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дакумент з’яўляецца кароткім і практычным інструментам, які пераследуе дзве мэты: “неабходнасць больш дакладнага ўсведамлення і захавання каталіцкай тоеснасці навучальных устаноў Касцёла ва ўсім свеце” і прадухіленне “канфліктаў і падзелаў у найважнейшым сектары адукацыі”.

Інструкцыя адпавядае мэтам Глабальнага адукацыйнага саюза, да якога заклікае Пантыфік, каб Касцёл мог быць моцным і адзіным у адукацыйная дзейнасці, здольным выконваць сваю адукацыйную місію і спрыяць пабудове больш братэрскага свету.

У дакуменце падкрэсліваецца, што выхаваўчая дзейнасць – важная частка місіі Касцёла. У той жа час адзначаецца, што галоўная адказнасць за выхаванне дзяцей ляжыць на іх бацьках, якія маюць права ў поўнай свабодзе і на падставе сумлення выбіраць від адукацыі для сваіх дзяцей, а дзяржава павінна стварыць умовы для рэалізацыі гэтага права ў рамках існуючага заканадаўства.

Інструкцыя кажа пра важнасць належнай фармацыі педагогаў, каб былі сведкамі Хрыста; пра важнасць супрацоўніцтва паміж настаўнікамі і бацькамі, а таксама паміж каталіцкімі і некаталіцкімі школамі. Адукацыйныя структуры Касцёла павінны быць супольнасцямі, прасякнутымі евангельскім духам свабоды і міласэрнасці і вучыць салідарнасці.

Падкрэсліваецца, што каталіцкія школы павінны выхоўваць у дзяцей і моладзі “культуру клопату”, перадаваць каштоўнасці, заснаваныя на прызнанні годнасці, мовы, рэлігіі, этнічнай прыналежнасці кожнага чалавека і правоў, якія вынікаюць з гэтага. “Культура клопату” з’яўляецца каштоўным компасам, фарміруе людзей, адданых слуханню, канструктыўнаму дыялогу і ўзаемаразуменню, - гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што каталіцкія школы не павінны быць структурамі, у якіх няма месца для некатолікаў. Яны пакліканы служыць евангелізацыйнай місіі і сведчыць, што каталіцкая культура – адкрытая і паўсюдная. У выпадку, калі дзяржаўныя ўлады спрабуюць навязаць каталіцкім навучальным установам патрабаванні, што супярэчаць рэлігійнай свабодзе, інструкцыя прапануе працягваць весці дыялог ці звяртацца ў кампетэнтныя суды.

29 сакавіка 2022, 13:29