Пошук

 Чальцы Міжнароднай тэалагічнай камісіі падчас сустрэчы з Францішкам Чальцы Міжнароднай тэалагічнай камісіі падчас сустрэчы з Францішкам 

Ватыкан: тэолагі асуджаюць расійскую агрэсію супраць Украіны

Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны з'яўляецца злачынствам супраць міжнароднага права, правоў чалавека, свабоды і гуманізму, - лічаць члены Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Яны скіравалі адмысловую заяву.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы, тэолагі з розных краін і кантынентаў, выказваем поўную салідарнасць з заклікамі хрысціянскіх Цэркваў Украіны спыніць ваенную агрэсію Расіі супраць іх краіны. Мы рашуча асуджаем гэтую вайну супраць суверэннай украінскай дзяржавы. Гэты нічым не справакаваны напад, які ўжо забраў жыццё тысяч людзей, не можа быць апраўданы”, - так пачынаецца тэкст звароту.

Падпісанты лічаць, што напад на Украіну – гэта замах на асновы чалавечай цывілізацыі, якая падсілкоўваецца маральным кіраўніцтвам хрысціянства і іншых сусветных рэлігій. На іх думку, усе вінаватыя ў гэтай вайне павінны быць названы і прыцягнуты да адказнасці.

“Мы далучаемся да ўкраінскага народа ў гэты трагічны момант яго гісторыі і просім людзей ва ўсім свеце маліцца разам з намі за Украіну і ўкраінцаў. Мы таксама просім аб малітве за расійскі народ: як за тых, хто мае мужнасць супрацьстаяць злу, так і за тых, каму прамылі мазгі падманлівай прапагандай, распаўсюджанай медыямашынай іх краіны і ператворанай у інструмент злачыннай дзейнасці іх лідара”, - напісалі тэолагі.

Яны заклікалі ўсіх сусветных лідараў, якія паважаюць свабоду, чалавечую годнасць і прынцыпы дэмакратыі, здзейсніць самы моцны ціск на Крэмль, з мэтай неадкладна спыніць вайну і вывесці расійскія войскі з украінскай тэрыторыі.

Міжнародная тэалагічная камісія звярнулася і да рэлігійных лідараў Расіі з заклікам: “выразна асудзіць несправядлівую і злачынную вайну і пакуты, якія іх дзяржава прынесла суседняй краіне і Еўропе”. “Мы заклікаем усіх людзей добрай волі падтрымаць ахвяр гэтай агрэсіі. Молімся да Бога аб міры і справядлівасці для Украіны, Расіі, Еўропы і ўсяго свету”, - гаворыцца ў заяве.

Задача Міжнароднай тэалагічнай камісіі – дапамагаць Святому Пасаду, у прыватнасці Кангрэгацыі Веравучэння, у вывучэнні важных дактрынальных пытанняў. У яе склад уваходзяць тэолагі розных школ і нацыянальнасцей, якія вызначаюцца высокімі тэалагічнымі ведамі і вернасцю вучэнню Касцёла.
 

17 сакавіка 2022, 10:56