Пошук

Кардынал Джузэпэ Версальдзі Кардынал Джузэпэ Версальдзі 

Кардынал пра новую інструкцыю: сутнасць адукацыі – сэрца

Новая інструкцыя Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі павінна спрыяць стварэнню грамадскіх адносін і клопату пра самых слабых, прапанаваць вывераныя каштоўнасці, якія з'яўляюцца асновай хрысціянскага жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Так вызначыў мэты дакумента пад назвай: Тоеснасць каталіцкай школы на карысць культуры дыялогу, прэфект дыкастэрыі, кардынал Джузэпэ Версальдзі. Ён непасрэдна звязаны з рэалізацыяй прапанаванага Францішкам Глабальнага адукацыйнага саюза.

Клопат аб выхаванні павінен інтэграваць усе суб'екты грамадскага жыцця: сем'і, школы, аб'яднанні і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, Цэрквы і рэлігійныя суполкі, а таксама органы ўлады на дзяржаўным узроўні.

У дакуменце, абнародаваным у Ватыкане 29 сакавіка 2022 года, звяртаецца ўвага на неабходнасць супрацоўніцтва ў выхаванні педагогаў і настаўнікаў, якія павінны не толькі даносіць да вучняў пазітыўныя веды, але і ствараць супольнасць дыялогу, у якой прысутнічае павага да розных меркаванняў, дух братэрства і рэальнага прагрэсу. Вельмі важным вымярэннем адукацыі з'яўляецца фарміраванне афектыўнай і сексуальнай сфер так, каб яны былі сканцэнтраваны на дары сябе, а не на валоданні і выкарыстанні іншых.

“Сутнасць адукацыі – сэрца. Трэба стварыць сінтэз выхаваўчага працэсу, у якім пераплятаюцца любоў, прызнанне розных роляў і функцый, адкрытасць да канкрэтнага чалавека і павага да самага слабага. Справа ў тым, каб стварыць сям’ю, якая жыве сведчаннем любові, чым і стараецца жыць Каталіцкі Касцёл”, - звярнуў увагу кардынал-прэфект.

На думку іерарха, “важна ўлічваць такія фактары, як сур’ёзнасць, дысцыпліна, жаданне вучыцца, прафесіяналізм, і спалучаць іх з іншымі выхаваўчымі сродкамі ў атмасферы любові і міласэрнасці”. Ён перакананы, што ў такім выпадку маладыя людзі будуць знаходзіцца не ў атмасферы строгасці, абмежаванай толькі навучаннем, а ў атачэнні тых, хто іх паважае, накіроўвае і ўдасканальвае такім чынам, каб выхаваць свабодную асобу, унутрана інтэграваную ў розных вымярэннях жыцця, грамадскага і хрысціянскага.
 

30 сакавіка 2022, 11:21