Арцыбіскуп Палья: вярнуцца да палітычнага рашэння канфлікту
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Старшыня Папскай акадэміі жыцця падчас прэзентацыі сваёй кнігі Сіла ўразлівасці (La forza della fragilità), якая прайшла ў Ватыкане, выказаў сур’ёзную занепакоенасць вайной Расіі супраць Украіны. “Уразлівасць, выяўленая падчас пандэміі, не перашкодзіла лёсу чалавецтва скаціцца ў цемру знішчэння бліжняга”, - з жалем зазначыў іерарх.
“Я лічу, што неабходна, каб вайна спынілася неадкладна, пра што няспынна кажа папа Францішак. Гэта абавязак палітыкі... Трэба даць імпульс адказнасці і крэатыўнасці, каб палітыка заняла першае месца ў гэтым канфлікце”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што пакуль бачыць толькі крэатыўны падыход да выкарыстання ўзбраенняў, а не да пошуку палітычнага рашэння.
Арцыбіскуп Палья звярнуў увагу на рызыку не ўбачыць усіх наступстваў вайны, напрыклад спынення паставак збожжа ў розныя часткі свету. Ён нагадаў, што ў свеце трываюць дзясяткі канфліктаў, пра якія мала хто памятае, напрыклад у Сірыі і Афганістане.
“СOVID паказаў нам уразлівасць усіх і ўсяго, у тым ліку навукі. Таму, калі мы нанова не асэнсуем уразлівасць людзей і нават дзяржаўных інстытутаў, думаю, што працягваць мірнае суіснаванне будзе вельмі цяжка і наступствам, вядома, будзе толькі ўзаемнае знішчэнне”, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што ў гэтым сэнсе незвычайным прароцкім рэалізмам вызначаюцца словы Папы.
“Я думаю, што Езус казаў дакладна тое самае: калі вы не станеце падобнымі да дзяцей, калі не будзеце глядзець з гэтым “наіўным пачуццем”, якому невядома нянавісць, тады, на маю думку, будзе вельмі складана глядзець у будучыню з надзеяй”, - заключыў старшыня Папскай акадэміі жыцця.