Пошук

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Бэнэдыкту XVI споўнілася 95 гадоў

16 красавіка 2022 года Бэнэдыкту XVI споўнілася 95 гадоў. Гэты дзень супаў з Вялікай суботай, таму юбілейныя святкаванні не запланаваны, расказаў асабісты сакратар Папы-эмерыта баварскаму Radio Horeb.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арцыбіскуп Георг Генсвайн заўважыў, што ў нядзелю ў капліцы кляштара Mater Ecclesiae пройдзе літургія, а затым, на працягу велікоднага тыдня, у Ватыкан прыбудуць некалькі невялікіх груп і паасобных людзей, каб скласці віншаванні Бэнэдыкту XVI. Іерарх нагадаў, што 13 красавіка Папу-эмерыта ўжо адведаў Францішак.

Прэфект папскага дома зазначыў, што Бэнэдыкт XVІ адчувае сябе добра, нягледзячы на фізічную слабасць і ўразлівасць. Хоць ён больш не ўзначальвае святую Імшу на Вялікдзень, бо не мае дастаткова сіл і голасу, але ўдзельнічае ў літургіі, канцэлебруючы яе і чэрпаючы з яе сілы для свайго жыцця.

Бэнэдыкт XVI нарадзіўся 16 красавіка 1927 года ў нямецкім горадзе Марктль-ам-Ін. Як і 95 гадоў таму ў гэты дзень у Касцёле была велікодная вігілія. Арцыбіскуп Генсвайн адзначыў, што жыццёвы рытм Папы-эмерыта амаль не змяніўся з таго часу, як ён адмовіўся ад служэння на Пасадзе святога Пятра. Ён прысвячае шмат часу малітве, чытанню, перапісцы, займаецца музыкай, сустракаецца з людзьмі. Па вечарах ён выходзіць на Ружанец у Ватыканскія сады, а завяршае дзень праглядам навін па італьянскім тэлебачанні і малітвай.

16 красавіка 2022, 12:47