Пошук

Прэзентацыя кнігі Contro la guerra Прэзентацыя кнігі Contro la guerra 

Кардынал Паралін: пераадолець “логіку блокаў” і “схемы вайны”

Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у прэзентацыі зборніка антываенных выказванняў Францішка пад назвай Contro la guerra (Cупраць вайны), якая 29 красавіка 2022 года прайшла ў рымскім універсітэце LUMSA.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Перад абліччам трагедыі, якая адбываецца ва Украіне, перад абліччам тысяч загінулых, ахвяр сярод мірнага насельніцтва, спустошаных гарадоў, мільёнаў бежанцаў – жанчын, пажылых людзей і дзяцей, – які былі вымушаны пакінуць свае дамы, мы не можам рэагаваць згодна з тым, што Папа называе схемай вайны”, заўважыў іерарх.

Дзяржсакратар нагадаў, што яшчэ ў 1975 годзе было падпісана Хельсінкскае пагадненне, накіраванае на тое, каб выйсці за межы логікі блокаў, калі Усход і Захад разам паўсталі на шлях змяншэння напружанасці. У сувязі з гэтым кардынал Паралін падкрэсліў, што сёння патрэбна “новая Хельсінкская канферэнцыя”.

“Я не ўваходжу ў дыскусію адносна рашэння розных краін пра наданне зброі Украіне, якая, як дзяржава, мае права абараняцца ад уварвання, якое спазнала”, - сказаў ён, дадаючы, што “абмежавацца толькі зброяй – гэта слабы адказ”. Моцным адказам на яго думку павінны стаць “ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб спыніць баявыя дзеянні, знайсці рашэнне шляхам перамоў, задумацца пра тое, якой будзе будучыня суіснавання на нашым Старым Кантыненце”.

Іерарх заўважыў, што міжнародная супольнасць абавязана падтрымаць усе магчымыя палітычна-дыпламатычныя ініцыятывы, каб дасягнуць прыпынення агню і справядлівага міру”. Справядлівы і трывалы мір не можа грунтавацца выключна на рашэннях агрэсара ці ахвяры нападу, - лічыць Дзяржаўны сакратар.

Кардынал Паралін зноў заклікаў вярнуцца за стол перамоў, якія павінны весціся без папярэдніх умоў, каб знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні, бо ў адваротным выпадку “вайна і надалей будзе пажыраць сыноў і дачок Украіны, а мір, які ўстановіцца, не будзе справядлівым і трывалым, а толькі навязваннем пэўных умоў, якія стануць перадумовамі для іншых канфліктаў, напружанасці і войн”. Гэта таксама патрабуе гнуткасці, бо “перамовы заўсёды прадугледжваюць кампраміс”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўніка Папы.

29 красавіка 2022, 15:20