Рэкруты Швейцарскай гвардыі рыхтуюцца да прысягі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Урачыстасці распачнуцца вечарам 5 мая супольнай малітвай Нешпараў у касцёле Санта-Марыя-Дэла-П’ета пры Тэўтонскім калегіуме ў Ватыкане, пасля чаго на плошчы Рымскіх протамучанікаў адбудзецца ўскладанне вянку ў памяць аб гвардзейцах, загінулых падчас абароны Пантыфіка ў 1527 годзе, і ўручэнне ўзнагародаў.
На наступны дзень раніцай папскія гвардзейцы, іх блізкія і госці са Швейцарыі прымуць удзел у літургіі, якую будзе цэлебраваць кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр Папскай базылікі святога Пятра ў Ватыкане. Яна будзе трансліравацца ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ, як і сама цырымонія прысягі, якая распачнецца ў 17.00 у прысутнасці прадстаўніка Папы, мансеньёра Эдгара Пэна Пары, Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята.
Згодна з мерамі бяспекі, звязанымі з пандэміяй, у цырымоніі змогуць прыняць удзел толькі бацькі і бліжэйшыя сваякі навабранцаў, сем’і жанатых гвардзейцаў і дэлегацыя Швейцарскай Канфедэрацыі: Прэзідэнт краіны Ігнацыя Касіс, старшыня Нацыянальнай рады Ірэн Калін, старшыня Савета кантонаў Швейцарыі Томас Хэфці, а таксама прадстаўнікі арміі і епіскапата.
З 36 навабранцаў 22 складуць прысягу на нямецкай мове, 12 – на французскай і 2 – італьянскай, у адпаведнасці з іх паходжаннем. Гвардзейцы ўрачыста паабяцаюць з вернасцю і гонарам служыць Пантыфіку, прысвячаючы гэтаму ўсе свае сілы і будучы гатовымі ахвяраваць жыццё дзеля яго абароны ў выпадку неабходнасці.
Прысяга звычайна адбываецца ў Ватыкане 6 мая, ва ўспамін так званага Sacco di Roma (Рабаванне Рыма) у 1527 годзе, калі 147 з 189 швейцарскіх салдат загінулі ў абароне Клімента VII. Дзякуючы ім, удалося схаваць Папу ў бяспечным месцы, у Замку св. Анёла.
Швейцарская гвардыя служыць Рымскім Пантыфікам з 1506 г. Салдаты і афіцэры адказваюць за асабістую ахову Святога Айца і кантралююць уваходы ў Ватыкан. Цяпер у асабовым складзе 135 чалавек. Падаць заяўку на службу ў шэрагах гвардыі могуць швейцарскія католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў.