Нунцый у Кіеве: справа папскага візіту набірае абароты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас спаслаўся на выказванне Пантыфіка ў самалёце па дарозе з Рыма на Мальту. Адзін з журналістаў задаў пытанне аб магчымасці яго візіту ў Кіеў. Францішак адказаў, што такая прапанова “ляжыць на стале”.
“Усе магчымасці адкрыты”, - адзначыў ватыканскі дыпламат. Ён дадаў: “З самага пачатку гэтага канфлікту Папа казаў, што гатовы зрабіць усё магчымае. Ён казаў пра гэта некалькі разоў, і ён робіць усё, што можа дапамагчы спыніць вайну”. “Мне ўсе кажуць, што словы Папы важныя, і тут няма нікога, хто б не жадаў яго візіту, - адзначыў іерарх.
"Хто можа спыніць такую вайну? Ніхто. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый? Яе не існуе. Савет Бяспекі? Не існуе. Бо мы ўсе голыя. Чалавецтва не ў стане вырашыць пытанне гэтай вайны", - ацаніў Кульбокас. Ён дадаў, што гаворка ідзе не толькі пра Папу, чалавецтва павінна аб’яднацца і зрабіць усё магчымае, каб спыніць не толькі гэты, але і кожны канфлікт у свеце.
Ён звярнуў увагу на тое, што падчас вайны ва Украіне былі парушаныя ўсе гуманітарныя нормы. “Учора па тэлефоне дырэктар найбуйнейшай кіеўскай педыятрычнай бальніцы сказаў мне, што яны лечаць дзяцей, некаторым з якіх вайскоўцы спецыяльна аддалі стрэл у галаву. Гаворка ідзе не пра траўмы ад выпадковых стрэлаў, а пра салдат, якія цэляцца ў дзіця і страляюць яму ў галаву”, - падзяліўся нунцый ва Украіне з агенцтвам SIR.
Вайна заўсёды заслугоўвае асуджэння з прычыны ўсёй той жорсткасці, якую яна выклікае, - падкрэсліў літоўскі іерарх.