Пошук

Карднал П'етра Паралін на трыбуне ААН Карднал П'етра Паралін на трыбуне ААН 

Кардынал Паралін: Касцёл не вядзе ідэалагічнай барацьбы

Касцёл займаецца пытаннямі, звязанымі з увядзеннем новых законаў і антрапалагічных вызначэнняў, бо клапоціцца пра чалавека і абараняе яго годнасць, - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Партал ACI Stampa апублікаваў апошнюю частку інтэрв'ю, якое кардынал П’етра Паралін даў італьянскаму ватыканісту Андрэа Гальярдучы.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы пачаў пятую частку размовы з адказу на пытанне, як, з яго пункту гледжання, змянілася дыпламатычная лінія Святога Пасаду на працягу трох апошніх пантыфікатаў. Ён падкрэсліў, што ніякіх істотных змен няма, захоўваецца прынцып паслядоўнасці ватыканскай дыпламатыі.

"Кожны Папа спасылаўся на актуальную спадчыну, хоць кожны таксама адказваў на патрэбы свайго часу. Ян Павел II, напрыклад, быў вельмі засяроджаны на Еўропе і на пераадоленні блакады паміж двума бакамі – сітуацыя, якая, на жаль, зараз вярнулася”, - падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанне пра выклікі для сучаснай дыпламатыі: працяглыя ўзброеныя канфлікты і прасоўванне гендэрнай ідэалогіі на міжнародным узроўні, кардынал Паралін падкрэсліў, што розныя віды выклікаў не павінны супрацьпастаўляцца адно аднаму як альтэрнатыва.

"Мы стараемся прытрымлівацца падыходу, які ўлічвае ўсе сучасныя праблемы. Мы вельмі занепакоены так званымі "новымі правамі", таму што яны прыносяць з сабой новую антрапалагічную канцэпцыю, якая відавочна, а нават прынцыпова, адрозніваецца ад падыходу, прапанаванага хрысціянствам. (...) Гэта новая антрапалогія пазбаўляе чалавека трох вымярэнняў: адносін з самім сабой, адносін з Богам і адносін з іншымі”, - адзначыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. На яго думку, існуе рызыка знішчэння годнасці і сутнасці чалавечай асобы.

Дзяржсакратар падкрэсліў, аднак, што Касцёл не вядзе ідэалагічнай барацьбы. "Уся ўвага накіравана на тыя канкрэтныя сітуацыі, дзе чалавекам пагарджаюць, дзе адмаўляецца і адпрэчваецца яго годнасць. Увядзенне "новых правоў" адбываецца ў асноўным на ўзроўні міжнародных арганізацый, але і на ўзроўні дзяржаў. Трэба прызнаць што існуюць пастаянныя спробы ідэалагічнай каланізацыі, як гэта называе папа Францішак”, - патлумачыў іерарх. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра ідэалагічную барацьбу Касцёла, а пра абарону правоў і размову пра іх. Касцёл займаецца гэтымі пытаннямі, таму што клапоціцца пра чалавека і любіць яго, абараняе асобу ў яе годнасці і ў яе самым глыбокім выбары.

Спасылаючыся на той факт, што элементы гендэрнай ідэалогіі цяпер уключаны ў большасць міжнародных дакументаў, незалежна ад іх тэматыкі, кардынал Паралін заўважыў, што гэта сведчыць пра тое, што да Святога Пасаду не толькі не прыслухоўваюцца ў гэтым пытанні, але і дэманструюць раздражненне яго пазіцыяй. Іерарх нагадаў, што Святы Пасад не працуе супраць нікога, ён звяртае ўвагу на чалавека.

"Лічу, што наша задача заключаецца ў пастаяннай вернасці пасланню, якое мы павінны перадаць, не адчайваючыся. Прыпавесць пра сейбіта паказвае нам, што зерне падае на вуліцы, на церні, на дарогу, але сейбіт не адчайваецца, бо ведае, што рана ці позна яно патрапіць на добрую глебу і прынясе плён. Упэўнены, што такую пазіцыю павінен заняць і Святы Пасад: заўсёды ставіць праблемы з павагай, далікатнасцю, але і вельмі ясна. Мы павінны прадстаўляць свой пункт гледжання, нават калі яго не прымуць неадкладна, нават калі яго не адразу зразумеюць, калі яго адхіляць і апратэстуюць”, - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці.

Кардынал Паралін прызнаў, што асабліва на Захадзе назіраецца ўсё большая тэндэнцыя да абмежавання прысутнасці хрысціян у публічнай сферы і спіхвання іх меркавання ў сферу прыватную.
 

19 красавіка 2022, 12:50