Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Разглядаецца магчымасць паездкі Папы ў Ліван

“Такая магчымасць вывучаецца”, - заявіў Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, адказваючы на пытанне журналістаў аб планах паездкі Пантыфіка ў Ліван.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэзідэнт Лівана Мішэль Аун абвясціў 5 красавіка 2022 года, што папскі візіт павінен адбыцца ў чэрвені. Ён спаслаўся на інфармацыю, атрыманую ад Апостальскага нунцыя, і заявіў, што дакладная дата і праграма будуць вызначаны падчас перамоў паміж Ліванам і Святым Пасадам.

“Ліванцы даўно чакаюць гэтага візіту, каб выказаць удзячнасць за ўвагу Яго Святасці да Лівана і падзякаваць яму за яго ініцыятывы на карысць краіны і за малітвы, якія ён узнёс за мір і стабільнасць у ёй”, - напісаў палітык у сваім Twitter.

Два тыдні таму Аун быў у Ватыкане і сустракаўся з Пантыфікам і кардыналам Дзяржсакратаром. Тады была падкрэслена важнасць добрых дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Ліванам, 75-годдзе якіх прыпадае на 2022 год. Абмяркоўваліся асноўныя сацыяльна-эканамічныя праблемы Лівана і становішча бежанцаў, якім патрабуецца дапамога міжнароднай супольнасці, будучыя парламенцкія выбары і неабходныя рэформы, якія маглі б спрыяць умацаванню мірнага суіснавання паміж рознымі рэлігіямі ўнутры краіны. Таксама згадваліся катастрафічныя наступствы выбуху ў порце Бейрута 4 жніўня 2020 года.

Францішак неаднаразова заяўляў, што хоча паехаць у Ліван. Праз год пасля выбуху ў сталічным порце, 4 жніўня 2021 года, падчас агульнай аўдыенцыі ён звярнуўся да народа краіны і ў прыватнасці да ахвяр, іх сем’яў і тых, хто страціў дамы і працу. Таксама 1 ліпеня 2021 годзе Папа арганізаваў у Ватыкане Дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване. У ім узялі ўдзел прадстаяцелі хрысціянскіх супольнасцяў у блізкаўсходняй краіне.

У лютым 2022 года з візітам у Бейруце знаходзіўся арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Дыпламат правёў шэраг важных афіцыйных сустрэч.

Ян Павел ІІ наведаў Ліван у 1997 годзе, а Бэнэдыкт XVI – у 2012 годзе; сімвалічна, што гэта быў апошні Апостальскі візіт яго пантыфікату.
 

06 красавіка 2022, 10:16