Святы Пасад: будаваць калектыўную бяспеку без ядзернай зброі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Глыбокая няроўнасць паміж дзяржавамі і ўнутры дзяржаў, блізарукія нацыянальныя ці прыватныя амбіцыі і прага ўлады – гэта зерні канфлікту, які можа прывесці да паўсюднай і ядзернай вайны”, - папярэдзілі ватыканскія навукоўцы, падкрэсліваючы таксама, што сур’ёзнымі пагрозамі для міру з’яўляюцца “беднасць, голад і дэградацыя”.
Навука павінна дапамагаць чалавецтву імкнуцца да росквіту, рэалізацыі і міру, але, на жаль, выкарыстоўваецца для развіцця патэнцыялу ядзерных, хімічных і біялагічных узбраенняў ці звышгукавых ракет, здольных абыходзіць сістэмы супрацьпаветранай абароны, з жалем зазначылі члены Папскай акадэміі навук.
У дакуменце ўтрымліваецца заклік да палітычных лідараў “узяць ініцыятыву, каб неадкладна спыніць вайну ва Украіне і ініцыяваць мірнае ўрэгуляванне”, выходзячы за рамкі “вузкага клопату пра нацыянальную выгаду”. Адзначаецца, што навукоўцы павінны імкнуцца “распрацаваць практычныя метады кантролю” за ўзбраеннямі, а рэлігійныя лідары – працягваць “моцна і настойліва казаць пра сур’ёзныя праблемы для чалавецтва, якія пастаўлены на кон”. У дэкларацыі гучыць заклік да людзей ва ўсім свеце весці толькі адну бітву: “супраць веры ў непазбежнасць войн”.
Папская акадэмія навук нагадала пра рызыку пашырэння ў свеце ядзерных узбраенняў, у тым ліку праз авалодванне імі тэрарыстычнымі арганізацыямі; пра рызыку намераных ці ненамераных разбурэнняў атамных электрастанцыі; пра магчымасці некантраляваных уцечак ядзерных матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны для стварэння так званай “бруднай бомбы”; пра пагрозу, якую ўяўляе трыманне ядзернай зброі ў стане баявой гатоўнасці, што павялічвае рызыку запуску ядзерных ракет праз памылку ці ў выніку маніпуляцый інфармацыяй. Пагрозу выкарыстання ядзернай зброі павялічвае таксама далейшая інтэнсіфікацыя вайны ва Украіне.
У сувязі з гэтым ватыканскія навукоўцы прапанавалі дзевяць пунктаў для дзейнасці на глабальным узроўні: паважаць прынцып невыкарыстання сілы ці пагрозы ўжывання сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ці палітычнай незалежнасці дзяржаў; забараніць выкарыстанне сілы як метаду вырашэння міжнародных канфліктаў; гарантаваць прытулак і абарону бежанцам; не дапусціць распаўсюджвання ядзернай зброі ў іншыя краіны; ніколі не выкарыстоўваць ядзерную зброю першымі і аднавіць намаганні па дасягненні пагадненняў, якія спыняць гонку ўзбраенняў; не дапусціць, каб мірнае выкарыстанне ядзернай энергіі садзейнічала распаўсюджванню ядзерных узбраенняў; прыняць усе практычныя меры, якія зменшаць магчымасць ядзернай вайны ў выніку выпадковасці, праліку ці нерацыянальнага дзеяння; працягваць выконваць пагадненні адносна абмежавання існуючых узбраенняў і будаваць сістэму калектыўнай бяспекі, у якой не будзе месца для ядзерных узбраенняў.