Святы Пасад і В’етнам павысяць узровень адносін
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ватыканскую дэлегацыю ўзначальваў мансеньёр Міраслаў Вахоўскі, Падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, а в’етнамскую – Ха Кім Нгок, намеснік Міністра замежны спраў.
У ходзе сустрэчы бакі правялі грунтоўную дыскусію аб адносінах паміж В’етнамам і Апостальскай Сталіцай, у тым ліку аб пытаннях, якія датычаць Каталіцкага Касцёла ў В’етнаме. Удзельнікі дэлегацый заўважылі, што стасункі мелі станоўчае развіццё ў апошні час, а пастаянны і канструктыўны абмен поглядамі не перапыняўся нават падчас пандэміі, нягледзячы на ўсе абмежаванні, звязаныя з ёй.
Бакі пагадзіліся, што неабходна працягваць будаваць стасункі на аснове супольных прынцыпаў і плённага дыялогу, з мэтай умацавання ўзаемнага даверу і адносін у інтарэсах бакоў і каталіцкай супольнасці В’етнама.
Бакі дасягнулі згоды па важных пытаннях для павышэння ў бліжэйшай будучыні ўзроўню адносін паміж В’етнамам і Святым Пасадам з Папскага прадстаўніка-нерэзідэнта да Папскага прадстаўніка-рэзідэнта ў В’етнаме. Яны таксама дамовіліся аб будучых кроках, якія неабходна зрабіць для стварэння сядзібы Папскага прадстаўніка ў Ханоі.
Адзначаецца, што Святы Пасад з цікавасцю сочыць за глыбокім і актыўным жыццём каталіцкай супольнасці ў гэтай краіне і заахвочвае Каталіцкі Касцёл у В’етнаме рабіць свой уклад у агульнае дабро і росквіт краіны, што мясцовыя вернікі паказалі ў самыя крытычныя моманты пандэміі, працуючы як валанцёры ў шпіталях і дапамагаючы патрабуючым.
Бакі дамовіліся, што наступнае, дзясятае, пасяджэнне Сумеснай рабочай групы пройдзе ў Ватыкане. Дата сустрэчы будзе ўзгоднена па дыпламатычных каналах.
Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы здзейсніла візіт да Намесніка прэм’ер-міністра В’етнама Фан Бінь Міня, адведала некаторых іншых прадстаўнікоў уладаў гэтай сацыялістычнай краіны, а ў бліжэйшыя дні сустрэнецца з членамі Канферэнцыі Біскупаў В’етнама на пленарным пасяджэнні ў Тхайбіне.