Пошук

Кардынал Пітэр Тарксан Кардынал Пітэр Тарксан 

Кардынал Тарксан будзе кіраваць папскімі акадэміямі

Святы Айцец прызначыў 73-гадовага кардынала Пітэра Кодва Апіа Тарксана канцлерам Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 1998 года гэтыя функцыі выконваў аргентынскі біскуп Марсэла Санчэс Саронда, якому ў верасні споўніцца 80 гадоў.

Тарксан з'яўляецца першым кардыналам з Ганы. Ён удзельнічаў у канклавах 2005 і 2013 гадоў, на якіх абралі адпаведна Бэнэдыкта XVI і Францішка.

24 кастрычніка 2009 года Бэнэдыкт XVI прызначыў яго старшынёй Папскай рады Iustitia et pax. У гэтай якасці ён рэалізаваў арыенціры сацыяльнага вучэння Касцёла. Вясной 2011 года той жа Папа накіраваў кардынала Тарксана ў якасці пасрэдніка ў канфлікце ў Кот-д'Івуары, а ў 2016 года ўжо Францішак папрасіў яго быць сваім спецыяльным пасланнікам па дасягненні міру ў Паўднёвым Судане.

31 жніўня 2016 года цяперашні Пантыфік стварыў Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і прызначыў кардынала Тарксана яе першым прэфектам. 1 студзеня 2022 года іерарх адмовіўся ад кіраўніцтва структурай.

Папская акадэмія навук, заснаваная ў 1847 годзе, займаецца даследаваннем матэматычных, фізічных і прыродазнаўчых навук і звязаных з імі тэалагічных пытанняў. Папская акадэмія сацыяльных навук была выдзелена з яе структуры ў 1994 годзе Янам Паўлам II. Яе мэтай з'яўляецца садзейнічанне даследаванням і прагрэсу ў сацыяльных, эканамічных і юрыдычных навуках у кантэксце вучэння Касцёла.
 

05 красавіка 2022, 09:33