Пошук

Падчас адкрыцця паліятыўнага аддзялення клінікі Bambino Gesù Падчас адкрыцця паліятыўнага аддзялення клінікі Bambino Gesù 

У ватыканскім дзіцячым шпіталі адкрыўся паліятыўны цэнтр

У ватыканскай бальніцы Bambino Gesù адкрылася аддзяленне паліятыўнай тэрапіі для дзяцей. Ужо ў першыя дні тут прынялі пяцярых маленькіх пацыентаў з Украіны, якія знайшлі ў Італіі прытулак ад вайны.

Ян Глінскі - Vatican News

Ва ўрачыстым адкрыцці цэнтра прынялі ўдзел кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, кіраўнік вобласці Лацыё Нікола Дзынгарэці, мэр Фьюмічына Эстэрына Манціна, дырэктар клінікі Bambino Gesù Марыэла Энак і ахвярадаўцы, якія ўнеслі асноўны ўклад у стварэнне новай структуры.

Марыэла Энак падчас цырымоніі адзначыла, што ў гэты час, азмрочаны вайной у Еўропе, Bambino Gesù працягвае інвеставаць у клопат пра самых слабых – тых, каго называюць невылечна хворымі. “Гэта парадокс нашага свету: адны скідваюць на дзяцей бомбы, іншыя – робяць усё магчымае, каб іх ратаваць, найлепшым чынам клапаціцца пра іх, праводзячы даследаванні або суправаджаючы іх па-чалавечы”, - падкрэсліла Марыэла Энак.

У Італіі 35 тысяч дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе. Гэтыя дзеці не могуць вярнуцца дадому пасля шпіталізацыі, бо ім неабходна высокакваліфікаваная дапамога, якая недасяжная па-за межамі спецыялізаваных медыцынскіх устаноў.

Дзіцячае аддзяленне паліятыўнай тэрапіі не прызначана для пастаяннага прабывання. Гэта часовае выйсце: дапамога сям’і ў доглядзе за дзіцём і маніторынг яго стану. Асноўная мэта такога суправаджэння – забеспячэнне лепшай якасці жыцця на тэрмінальнай стадыі хваробы. Нагадаем, у 2018 г. ватыканская бальніца Bambino Gesù прыняла Хартыю правоў невылечна хворага дзіцяці.

Паліятыўны цэнтр размясціўся ў пяціпавярховым будынку на марскім узбярэжжы пад Рымам, у мясцовасці Пасаскура непадалёк ад горада Фьюмічына. На яго тэрыторыі, якая ахоплівае каля 11 тысяч квадратных метраў, знаходзіцца вялікі парк, што распасціраецца да самага пляжа, дасяжнага для інвалідных вазкоў і насілак. У парку ёсць гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі і вялікі цытрусавы гай. Гэта задумана для ўсёй сям’і маленькіх пацыентаў цэнтра, уключаючы братоў і сясцёр. Палаты тут аднамесныя, і ў іх, акрамя абсталявання для хворых дзяцей, ёсць таксама раскладная канапа або крэсла, а таксама кухня, каб бацькі маглі прыгатаваць тое, што любіць дзіця. Уся сям’я таксама можа атрымаць псіхалагічную, духоўную, сацыяльную і педагагічную падтрымку.

01 красавіка 2022, 08:51