Пошук

Кардынал Анджэла Садана Кардынал Анджэла Садана 

Адышоў у вечнасць кардынал Анджэла Садана. Спачуванні Папы

Пантыфік засмучаны смерцю кардынала Анджэла Садана. Ён даслаў спачувальную тэлеграму Марыі Садана, сястры спачылага іерарха, запэўніваючы яе ў блізкасці і малітве.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Садана адышоў у вечнасць вечарам 27 мая 2022 года ва ўзросце 94 гадоў у рымскай бальніцы Columbus Hospital-Gemelli, куды быў шпіталізаваны 9 мая з запаленнем лёгкіх пасля заражэння каронавірусам. 

Папа з удзячнасцю ўзгадаў пра служэнне іерарха поруч з яго шматлікімі папярэднікамі на Пасадзе святога Пятра, якія “давяралі яму важныя пасады ў ватыканскай дыпламатыі”. Ён асаблівым чынам адзначыў працу кардынала Садана ў якасці Дзяржаўнага сакратара і служэнне ў папскіх прадстаўніцтвах у Эквадоры, Уругваі і Чылі, дзе ён “з запалам прысвячаў сябе клопату пра дабро народаў гэтых краін, спрыяючы дыялогу і прымірэнню”.

“У Рымскай курыі ён выконваў сваю місію з узорнай адданасцю”, - напісаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што і сам чэрпаў са здольнасцяў розума і сэрца спачылага кардынала. “На кожнай пасадзе ён праявіў сябе як чалавек касцёльнай дысцыпліны, як поўны любові пастыр, натхнёны жаданнем распаўсюджваць паўсюль евангельскую закваску”, - падкрэсліў Папа, запэўніваючы ў малітве за памерлага кардынала.

Анжэла Садана нарадзіўся 23 лістапада 1927 года ў Ізала-д’Асці на поўначы Італіі. Вывучаў філасофію і тэалогію ў мясцовай семінарыі, атрымаў доктарскую ступень па тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце і па кананічным праве ў Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1950 годзе. Праходзіў фармацыю ў Папскай касцёльнай акадэміі. З 1959 года – на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы. Працаваў у нунцыятурах у Эквадоры, Уругваі і Чылі, а з 1968 па 1978 год – у Радзе па грамадскіх справах Касцёла.

У 1978 годзе стаў арцыбіскупам і нунцыем у Чылі. З 1988 года – сакратар Рады па грамадскіх справах Касцёла, а пасля рэарганізацыі Рымскай курыі згодна з Апостальскай канстытуцыяй Pastor Bonus узначаліў Секцыю па адносінах з дзяржавамі ў Дзяржаўным сакратарыяце. У 1991 годзе Ян Павел ІІ надаў іерарху кардынальскую годнасць і прызначыў сваім Дзяржаўным сакратаром. У 2002 годзе кардынал Садана стаў віцэ-дэканам Калегіі кардыналаў.

У 2005 годзе Бэнэдыкт XVI пацвердзіў іерарха на пасадзе Дзяржсакратара і ўхваліў яго абранне на пасаду дэкана Калегіі кардыналаў, якую сам займаў да абрання на Пасад святога Пятра. Праз некалькі месяцаў Пантыфік прыняў яго просьбу аб адстаўцы з пасады Дзяржаўнага сакратара і прызначыў на яе кардынала Тарчызіа Бэртонэ. У 2019 годзе Францішак прыняў просьбу кардынала Садана аб адстаўцы з пасады дэкана Калегіі кардыналаў.

Пасля смерці кардынала Анджэла Садана Калегія кардыналаў складаецца з 208 іерархаў, з якіх 117 з’яўляюцца выбаршчыкамі і 91 не мае права голасу на канклаве.

28 мая 2022, 10:06