Арцыбіскуп Галахер: Касцёл ва Украіне атаясамлівае сябе з народам
Ян Глінскі – Vatican New
Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі наведаў Львоў, дзе сустрэўся з каталіцкімі іерархамі абодвух абрадаў, наведаў некаторыя касцёльныя арганізацыі, якія прымаюць бежанцаў. “Мне вельмі спадабалася тое, што я ўбачыў як Касцёл адказаў на гэты жахлівы гуманітарны крызіс. Гэта Касцёл, які цалкам атаясамлівае сябе са сваім народам і стараецца адказаць на яго патрэбы, каб дапамагчы ўсім, не толькі католікам“, - адзначыў ватыканскі іерарх.
Арцыбіскуп Галахер дадаў, што ўбачыў напружанасць, няпэўнасць сярод людзей, бо “невядома, што будзе ў будучыні“. “Мы з'яўляемся сведкамі пакутаў бежанцаў, якія вымушаны былі пакінуць усё і прыехаць на захад краіны. І гэта асабліва цяжка, таму што ў асноўным гэта жанчыны, дзеці і падлеткі, – патлумачыў іерарх. – Цяпер яны ў бяспецы, але праблем хапае“
Як сцвердзіў іерарх, Святы Пасад і сам Папа Францішак гатовыя зрабіць усё магчымае. Працягваюцца дыпламатычныя кантакты, як з украінскімі ўладамі, так і – праз пасольства – некаторыя кантакты з Масквой.
Па словах арцыбіскупа Галахера, Святы Пасад жадае працягваць заахвочваць міжнародную супольнасць да гуманітарнай дапамогі, бо, як бачна на прыкладзе іншых канфліктаў, праз некаторы час настае стома ў падтрымцы народаў, якія перажываюць цяжкасці. Святы Айцец, як дадаў ватыканскі іерарх, бясконца заклікае да малітвы і спынення вайны.