Арцыбіскуп Галахер: пакласці канец логіцы ядзернага стрымлівання
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Вучыць культуры сустрэчы значыць вучыць мастацтву імкнення да міру, выцягваючы са спіралі вайны людзей, краіны і народы, і прыводзячы іх на шлях дыялогу і пошуку агульнага дабра, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.
“Мы павінны прызнаць, што сёння жывём у свеце, які ўсё менш і менш кіруецца культурай сустрэчы”, - з жалем заўважыў іерарх, адзначаючы, што па гэтай прычыне свет гіне ад уласнага эгаізму. Ён нагадаў, што папа Францішак заклікае свет пераадолець “культуру адчужэння”, каб развіваць “культуру сустрэчы”, супрацьпастаўляючы “глабалізацыі абыякавасці глабалізацыю братэрства”.
Арцыбіскуп Галахер нагадаў пра дыпламатычную дзейнасць Апостальскай Сталіцы на шматбаковым і двухбаковым узроўнях, накіраваную на прасоўванне павагі да годнасці чалавека, міру і згоды паміж краінамі.
Сакратар па адносінах з дзяржавамі заклікаў радыкальна змяніць позірк на свет і задумацца пра будучыню чалавецтва. “Свет прасякнуты паўзучай нестабільнасцю, няўпэўненасцю і страхам, якія могуць прывесці да глабальнай вайны”, - падкрэсліў іерарх, адзначаючы, што ў гэтым кантэксце важнае значэнне маюць дыялог і братэрства. На думку ватыканскага дыпламата, неабходна таксама пераасэнсаваць ідэю прагрэсу, росту і глабалізацыі, каб вымяраць развіццё не ў колькасных паказчыках ВУП, але ў катэгорыях, якія будуць датычыць годнасці і чалавечага развіцця.
Іерарх звярнуў увагу на недальнабачнасць сучаснага палітычнага класу, на патрэбу ў адраджэнні дэмакратыі і вяртанні даверу да палітыкі. Ён нагадаў словы Папы пра тое, што “з крызісу немагчыма выйсці не змяніўшыся”, адзначаючы, што тут ёсць толькі два магчымыя шляхі: першы – гэта ўмацаванне мультылатэралізму, а другі – адданне перавагі нацыяналізму і ізаляцыі, з адчужэннем самых бедных, уразлівых, жыхароў экзістэнцыяльных перыферый.
Гаворачы пра актуальны канфлікт у Еўропе, арцыбіскуп Галахер заўважыў, што “першай ахвярай вайны з’яўляецца праўда”. Ён падкрэсліў, што вайна ва Украіне становіцца яшчэ больш небяспечнай у сувязі з існаваннем ядзернай зброі, а таксама пажадаў, каб яна стала нагодай для пераадолення логікі, заснаванай на ядзерным стрымліванні.