Пошук

Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: вайна ва Украіне паражае дух экуменізму

Вайна Расіі супраць Украіны прывяла да новых і глыбокіх падзелаў у праваслаўным свеце і нашкодзіла экуменічнаму дыялогу, - заўважыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Ян Глінскі – Vatican News

Кардынал Курт Кох узначаліў пленарнае пасяджэнне гэтай ватыканскай дыкастэрыі, якое прайшло на тэму: “На шляху да экуменічнага святкавання 1700-годдзя І Нікейскага Сабору (325-2025)”. У нарадзе браў удзел прадстаяцель Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

Падчас адкрыцця сходу кардынал Кох прааналізаваў актуальны стан экуменічнага дыялогу ў свеце. “Раптам у гэтым годзе экуменічны дыялог стаў перажываць мноства напружанняў. Перш за ўсё я маю на ўвазе вайну Пуціна ва Украіне, якая не толькі дала пачатак новым і глыбокім падзелам у праваслаўным свеце, але і нанесла вялікую шкоду экуменічнаму дыялогу”, - сцвердзіў іерарх.

Як адзначыў кардынал Кох, гэтая “страшная вайна з мноствам бежанцаў і памерлых была легалізаваная таксама з рэлігійнага пункту гледжання, яна паражае дух экуменізму і заслугоўвае назвы “святатацкай вайны”, як сказаў папа Францішак”. Па словах іерарха, лячэнне ран, якія яна нанесла, “патрабуе не толькі часу, але і навяртання”.

Тэма вайны ва Украіне і яе ўплыву на экуменічную сітуацыю стала асобнай тэмай прац удзельнікаў форуму. “Падчас вайны мы з вамі і вашым народам у нашых думках і малітвах”, - запэўніў прысутнага ўкраінскага архіепіскапа Святаслава Шаўчука прэфект Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

“Уварванне Пуціна схіліла хрысціян і Касцёл ва Украіне да з’яднання. Гэта знак таго, што Бог можа пісаць прама нават па вельмі крывых лініях”, – падкрэсліў ватыканскі іерарх і дадаў, што такая падзея як 1700-годдзе Нікейскага Сабора датычыць усіх хрысціянаў і дае надзею на яшчэ большае іх паяднанне.
 

06 мая 2022, 08:44