Дзяржсакратар: без змены мыслення ўсе рэформы былі б марнымі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На гэта звярнуў увагу кардынал П’етра Паралін на сімпозіуме, прысвечаным новай апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі Praedicate Evangelium. Ён прайшоў у рымскім Латэранскім універсітэце.
Дзяржсакратар Яго Святасці падкрэсліў, што рэформа, якая рэалізуецца ў цяперашні час, ляжыць у рэчышчы апостальскай канстытуцыі Яна Паўла ІІ Pastor bonus, абвешчанай у 1988 годзе. Ён адзначыў, што новая канстытуцыя змяшчае прынцыпы добрага кіравання Рымскай курыяй, якія могуць стаць карыснымі для ўсяго Касцёла.
Гаворачы аб касцёльнай камуніі і кіраванні, іерарх нагадаў словы Францішка аб тым, што дыкастэрыі знаходзяцца на службе Папы і біскупаў. Яны павінны падтрымліваць як мясцовыя Касцёлы, так і біскупскія канферэнцыі. Ён нагадаў, што адносіны паміж Рымскай курыяй і епіскапатамі заснаваныя на супрацоўніцтве і даверы, а ніколі на перавазе або спрэчках. Рымская курыя дзейнічае не па ўласнай ініцыятыве; яна з’яўляецца інструментам у руках Пантыфіка.
Гаворачы аб рэформе, якая рэалізуецца зараз, Дзяржсакратар адзначыў, што яна не была б такой эфектыўнай, калі б яе не рэалізоўвалі “абноўленыя”, а не проста “новыя” кадры. Ён звярнуў увагу на тое, што ў працэсе рэформы нельга задавольвацца выключна зменай персаналу, патрэбна духоўнае, чалавечае і прафесійнае абнаўленне супрацоўнікаў Рымскай курыі. “Без змены мыслення ўсе рэформы былі б марнымі”, - падкрэсліў кардынал Паралін.