Пошук

Мазаічная рэпрадукцыя абраза Маці Божай Mater Ecclesiae Мазаічная рэпрадукцыя абраза Маці Божай Mater Ecclesiae 

Ватыкан: малітоўныя ініцыятывы з нагоды месяца Багародзіцы

На працягу мая – месяца, які прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле Панне Марыі – у ватыканскай базыліцы святога Пятра будуць праходзіцца адмысловыя малітоўныя сустрэчы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кожную сераду ў галоўным ватыканскіх храме будзе адбывацца “вандроўная малітва” з ушанаваннем галоўных марыйных абразоў і статуй. Яна будзе распачынацца ў 16.00 у атрыуме базылікі і завяршацца святой Імшой у 17.00.

Іншая марыйная ініцыятыва будзе адбывацца на плошчы святога Пятра кожную суботу мая з 21.00 па 22.00. Гаворка ідзе пра малітву Ружанца з працэсіяй са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Mater Ecclesiae.

Гэта старажытная ікона размяшчаецца на адной з калон з першай ватыканскай базылікі святога Пятра, пабудаванай яшчэ ў эпоху імператара Канстанціна. Яна была захавана ў адным з бакавых алтароў храма, а з часу пантыфікату Паўла VI ушаноўваецца пад тытулам – Маter Ecclesiae (Маці Касцёла). Мазаічная рэпрадукцыя гэтага абраза ёсць таксама на плошчы святога Пятра – яна была змешчана на Апостальскім палацы ў памяць пра цудоўнае ўратаванне святога Яна Паўла ІІ падчас замаху ў 1981 годзе і ў якасці падзякі Багародзіцы. Благаслаўляючы мазаіку Пантыфік пажадаў, каб “усе, хто прыйдзе на гэту плошчу святога Пятра, уздымалі да яе позірк, узносячы, з пачуццямі сыноўскага даверу, вітанне і малітву”.
 

03 мая 2022, 11:24